Праблема аховы гістарычна-культурнай спадчыны Вілейшчыны апынулася ў фокусе актыўнага абмеркавання з удзелам шэрагу вядомых гісторыкаў і краязнаўцаў Беларусі 10 траўня. Імпрэза адбылася ў памяшканні рэдакцыі газеты “Волат” у Вілейцы.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, загадчык аддзелу Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Зміцер Яцкевіч, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігар Лялькоў, а таксама мясцовыя краязнаўцы.
Абмеркаванне праблемных пытанняў доўжылася больш за 4 гадзіны. Удзельнікі гутаркі закранулі такія важныя і актуальныя пытанні, як адсутнасць аховы з боку дзяржавы шматлікіх гістарычна-культурных каштоўнасцяў рэгіёну, слабую ўцягнутасць беларускіх гісторыкаў у навуковую працу па вывучэнні гісторыі краю.
Так, адзін з выступоўцаў, гісторык Зміцер Яцкевіч, падчас свайго дакладу адзначыў, што Нацыянальны архіў Беларусі ўтрымлівае вялікую колькасць архіўных матэрыялаў па гісторыі Вілейшчыны. Тым не менш, гэтыя матэрыялы амаль не выкарыстоўваюцца ў сучаснай гістарычнай навуцы. З гэтай прычыны гісторыя краю застаецца слаба вывучанай і ў некаторых выпадках супярэчлівай. У прыватнасці гэта датычыць даты першай згадкі пра Вілейку ў гістарычных дакументах.
Антон Астаповіч звярнуў увагу прысутных на неабходнасць вярнуць пад ахову дзяржавы шэраг культурна-гістарычных помнікаў рэгіёну. Сярод іх асабліва вылучаюцца сядзібава-паркавыя комплексы Лукавец, Асцюковічы, Вязынь, Абадоўцы, архітэктурныя помнікі ў Даўгінава.
Падчас сустрэчы актыўна абмяркоўвалася перспектыва заснавання Вілейскай філіі Таварыства аховы помнікаў.
Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігар Лялькоў прэзентаваў прысутным кампанію і заклікаў да актыўнага супрацоўніцтва.
Арганізатар імпрэзы – Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Сустрэча ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Фота vialejka.org