27 лістапада 2014 года ў Капланскай сярэдняй школе прайшоў канцэрт у гонар дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста Уладзіміра Караткевіча ў межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Перад навучэнцамі і настаўнікамі школы ў Капланцах выступілі музыкі Раман Яраш і Віктар Сямашка з песнямі на словы Уладзіміра Караткевіча. У сваю чаргу школьнікі прачыталі свае любімыя вершы паэта.
Гледачы прынялі ўдзел у віктарыне, прысвечанай памяці Караткевіча і гісторыі вёскі Капланцы на прызы культурніцкай праграмы “Будзьма беларусамі!”. Сам Караткевіч любіў гісторыю Беларусі і заклікаў пісаць кнігі кожнаму, каму ёсць, што сказаць аб слаўнай мінуўшчыне. Такі заклік прагучаў і падчас віктарыны. Хто ведае, мо, і сярод прысутных сядзелі будучыя класікі беларускай літаратуры? Бо да гонару школьнікаў правільныя адказы даваліся хутка, часам дзецям дапагалі веды з прадметаў гісторыі Беларусі і фізікі.
Паспрабуйце і вы праверыць свае веды, адказаўшы на наступныя пытанні:
Якому знакамітаму дзіцячаму паэту малы Караткевіч напісаў ліст і атрымаў адказ?
Караткевіч марыў напісаць шмат тамоў казак на падставе беларускага фальклёру і ў стылі аднаго сусветна вядомага казачніка. Якога?
Як называлася тэлеперадача, якую Караткевіч вёў на Беларускім тэлебачанні?
Колькі вершнікаў было ў Дзікам паляванні караля Стаха?
У якую гульню іграў са Смерцю Гервасій Выліваха ў аповесці Караткевіча “Ладдзя роспачы”?
Дзе Антон Косміч знайшоў цыдулку аб скарбах, схаваных у Чорным замку Гальшанскім?
Адкуль браліся прывіды ў Чорным замку Гальшанскім?
Чаму Капланцы так называюцца?
У якім стагоддзі ў Капланцах была пабудавана царква?
Які ласунак зрабіў Капланцы знакамітым напачатку ХХ ст.?
Капланская школа славіцца музеем, дзе сабраны рэчы і памяткі аб слынным кампазітары Міколе Равенскім, які нарадзіўся ў гэтых мясцінах. Таму не дзіўна, што закончылася імпрэза выкананнем духоўнага гімну беларусаў “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсеньевай, пакладзеныя на музыку Равенскім.
У планах школы ўсталяваць памятную шыльду і пераназваць вуліцу ў Капланцах ў гонар кампазітара.