8 лістапада ў Мінскай гімназіі № 21, што месціцца на краі маляўнічага ўзлесся, для малодшых навучэнцаў прайшлі адмысловыя ўрокі Скарыны. Спачатку для 3-га «Д», а потым для 3 «Г» была арганізавана лекцыя пра Францыска Скарыну, прымеркаваная 500-годдзю беларускага кнігадруку. Госцем малодшых навучэнцаў быў пісьменнік, бард, навуковец, перакладчык Серж Мінскевіч. Ён апавёў пра дзейнасць беларускага першадрукара, пра першую друкаваную кнігу «Псалтыр», правёў віктарыну, прысвечаную гісторыі кнігі. Імпрэза адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У другой частцы сустрэчы з навучэнцамі Серж Мінскевіч прачытаў урыўкі са сваёй вершаванай казкі «Вялікія прыгоды Какоса Маракоса», праспяваў песні, адказаў на пытанні вучняў. Відавочна, трэцякласнікі былі ў захапленні ад атрыманых ведаў і цікавай размовы.