Што было б з усімі намі, калі б людзі нейкім чынам адцураліся ад свайго мінулага, ад сваёй генетычнай памяці, ад сваіх каранёў? Калі б мерылі мы сваю годнасць толькі сучаснымі дасягненнямі і не аддавалі належнае здабыткам нашых слаўных продкаў? Хіба змагла б наша цывілізацыя дасягнуць такіх вяршынь, каб з веку ў век у сусветную навуковую і культурніцкую скарбніцу кожнае пакаленне людзей у розных канцах свету не рабіла свой унёсак?
Нам, беларусам, прыемна ўсведамляць, што 500 год таму назад наш слынны зямляк Францыск Скарына таксама паскорыў ход цывілізацыі ўсяго славянскага свету. Аб гэтым і ішла размова 13 кастрычніка ў базавай школе г. Бярозы, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла творчая сустрэча з Валянцінай Осіпавай. Дзеці не толькі з цікавасцю слухалі пра тое, што менавіта беларусам значна раней за іншых народаў пашчасціла атрымаць духоўнае Слова на роднай мове, але і самі прыймалі актыўны ўдзел у гістарычна- інтэлектуальнай віктарыне.
Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі” памятныя паштоўкі і сувеніры. А школьная бібліятэка ў чарговы раз атрымала новыя нумары часопіса “Дзеяслоў”. Творчая імпрэза ў Бярозаўскай школе праходзіла якраз напярэдадні свята Пакровы, якое супадае з днём Маці. Таму ў размове былі закрануты і тэмы адносін з бацькамі і адносіны да Радзімы.
І дзеці, і настаўнікі выказалі падзяку ўсім, хто праводзіць у жыццё акцыю “500-годнасць”, якая дапамагае нам, беларусам, нягледзечы на складаныя гістарычныя акалічнасці, пачуваць сябе годнай нацыяй.