19 лістапада ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” адбылася творчая сустрэча паэта Усевалада Сцебуракі і барда Таццяны Беланогай з вучнямі старэйшых класаў мінскіх школ на базе Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі.
Сустрэча пачалася з прывітальнага слова загадчыцы бібліятэкі спадарыні Людмілы Іллінічны, якая шчыра ўзрадавалася сустрэчы з маладымі творцамі і вучнямі школ.
Усевалад і Таццяна выступалі на чарзе. Паэт чытаў вершы з новага зборніка “Бег па самаадчуванні”, са зборніка “Крушня”. Усевалад у сваім выступленні закрануў тэму памяці продкаў і прачытаў верш “Дзяды”. Было бачна па рэакцыі настаўнікаў, што яны ўраджаныя глябінёй думак і светаўспрыняцця паэта. Таццяна прадставіла публіцы песні з альбома “Святло і цені”, які пабачыў свет дзякуючы БМА-груп і кампаніі “Будзьма беларусамі!” – “Там, за акіянам”, “Мама”. Сугучна часу года прагучала песня “Адзінота ў лістападзе”.
Усевалад прапанаваў слухачам задаваць пытанні. Спачатку вучні саромеліся, але потым пытанні гучалі адно за адным. Дзецям было цікава ўсё – ад біяграфічных падрабязнасцяў да планаў на будучыню. Усе тыя, хто задаваў пытанні, атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Напрыканцы выступоўцаў шчыра падзякавалі за сустрэчу. Спадарыня Людміла, з чыёй заботай і любоўю створана атмасфера бібліятэкі, запрашала да новых сустрэч!