Калі ты перастанеш сьніцца
я зноўку паспрабую жыць…
Нарэшце вырашу ня сьпіцца,
і не паліць, і не паліцца,
не забівацца, і забіць…
На ўсё
Што засталося ў Празе
на вечным мосьце над ракой
у тым адным бясконцым разе
у той адной двайной паразе –
такой маёй, такой тваёй…
Рукой…
што робіць прапанову
і той, што трапна б’е пад дых
не перапішаш ўсё на нова…
Ня сьніся, я стрымаю слова
Мне досыць цемры ў снах маіх.
За нас з табой,
за тых дваіх
што усё зрабілі адмыслова…
Табой агучаная мова
больш не ўспрымаецца на слых
Калі ты перастанеш сьніцца
я зноўку паспрабую жыць…
Ні дождж па шкле, ні навальніца
не перашкодзяць мне маліцца
абы перашкаджалі сьніць!
***
“Сёньня
ня мой
дзень” –
тахкае глуха сэрца.
Сёньня ня мой дзень –
слота на вуліцы зноў.
Сёньня ня мой дзень
вы ужо мне паверце.
Белы такі дзень
з чорных такіх сноў.
Сёньня ня мой дзень –
рукі дрыжаць над паперай.
“Сёньня
ня мой
дзень” –
у скронях пульсуе кроў.
Сёньня ня мой дзень –
вецер смугою шэрай
рве на шматкі вясёлку
з ўчорашніх каляроў.
Сёньня ня мой дзень
як тэстамент у капэрце.
Сёньня ня мой дзень –
скуль толькі ўзяўся ён?
Сёньня
ня мой
дзень!
Як бы ў яго не памерці.
У самы ня мой дзень
З усіх не маіх дзён…
***
Давай падлічым pro et contra,
сьвятло і цень.
скрозь гук фінальнага акорда
сцячэм сьлязой па джалу корда
у ноч, у дзень…
Давай зусім без дэкарацый?
Сектакль – удвох.
Без воплескаў і без авацый,
без бліскавіцаў папарацы
Хай чуе Бог…
Давай пасьля забудзем словы
вось так – знарок!
Увесь сьвет маўчыць і адмыслова
Жыцьце свае пачнем на нова
і зробім крок!
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Усевалад Сьцебурака — паэт. Нарадзіўся ў 1981 г. Скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка (2003). Лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” часопіса “Дзеяслоў” (2004). У 2007 г. выйшла кніга вершаў і прозы Ўсевалада Сцебуракі — “Крушня”.