У кнігарні “Логвінаў” прайшло ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў “Заспявай 2.0”.
Конкурс ужо другі год ладзяць фонд “Вяртанне”, партал Tuzin.fm і грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”. Сёлета выканаўцам да 27 гадоў было прапанавана паўдзельнічаць у дзвюх намінацыях: “Спяваная паэзія” (пакласці актуальную беларускую паэзію на ўласную музыку) і “Кавер” (арыгінальна пераспяваць класіку беларускай песні). У адрозненне ад першага сезону, віртуальным адборам паводле дэма-запісаў не абмежаваліся. Сёлета паводле галасоў журы было адабрана па шэсць найлепшых у кожнай з намінацый. Гэтыя выканаўцы атрымалі магчымасць выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых ужо гуртоў. Цягам усяго лета прайшло 12 канцэртаў на свежым паветры – на тэрасе кавярні Chil Out, што месціцца на плошчы Свабоды. Пасля серыі выступаў былі абвешчаныя пераможцы.
Старшыня журы “Заспявай 2.0” і вядоўца канцэртаў канкурсантаў “Заспявай 2.0” Алег Хаменка з кожным з гасцей вітаўся асабіста і падбадзёрваў маладых выканаўцаў. “Безумоўна, добра, што ў сёлетнім конкурсе ўзялі ўдзел ужо досыць папулярныя выканаўцы. Але было нямала прафесійных і абазнаных музыкаў, якія шырокай публіцы яшчэ пакуль невядомыя. Я асабіста зрабіў нямала адкрыццяў і парадаваўся агульнаму ўзроўню канкурсантаў”, – зазначыў Алег.
Найперш былі абвешчаныя выканаўцы, якія атрымалі “спецыяльную адзнаку”. Гэта гурт, дзякуючы якому сёлета “Заспявай” стаў міжнародным конкурсам. “Колір” з Адэсы зрабіў песню на верш Андрэя Аляксандрава ў намінацыі “Спяваная паэзія”. Адзначаная таксама Pauline за песню “Малітва” на верш Янкі Купалы ў намінацыі “Спяваная паэзія” і К3tyvana, чыя заяўка выклікала ў журы найбольшыя спрэчкі. Справа ў тым, што Кетэван праходзіла па-за конкурсам, бо насуперак патрабаванням заявілася з замежнай песняй – «Skyfall» Аdele у перакладзе на беларускую мову. Але выканала настолькі цудоўна, што частка сябраў журы вылучыла яе ўсё ж у ліку найлепшых.
Лаўрэатамі і ўладальнікамі грашовых прэмій памерам 250 еўра сталі Марына Вярэніч і ўдзельнік гурта Teleport Яўген Цярэнцьеў, які падаў на конкурс кавер на песню “Зачараваная” ансамбля “Песняры”. Твор досыць няпросты для выканання, але спявак выдатна справіўся з задачай. Нават Валеры Дайнека, які саліруе ў арыгінале гэтага твора, вылучыў яго ў сваім спісе, аддаўшы 4-е месца. Марына Вярэніч была адзначаная за напісаную спецыяльна да конкурсу песню “Чаму мы стрэліся няўчас” на верш Таццяны Дзям’янавай.
Гран-пры конкурсу і грашовую ўзнагароду памерам у 500 еўра ўручылі гурту Navi. Яны ўдзельнічалі ў абедзвюх намінацыях: на “Кавер” яны падалі песню “Жар-птушка” ансамбля “Сябры”, а на “Спяваную паэзію” – за песню “Плакалі ветры” на словы Паўлюка Труса. “Нам вельмі прыемна перамагаць у разнастайных конкурсах. Мы да задачы паставіліся вельмі сур’ёзна і справіліся з ёю, паколькі нас абвясцілі пераможцамі”, – сказаў Арцём Лук’яненка. “Але мы зусім не лічылі, што будзем абавязкова першымі. Проста вырашылі паспрабаваць падаць заяву і сумленна выканаць умовы”, – дапоўніла Ксенія Жук. Музыкі кажуць, што ўзнагарода прыйшлася вельмі дарэчы – яны акурат заканчваюць кліп на песню “Выберы сам”, які вымагае грашовых укладанняў. Як новае відэа, так і студыйную версію сваёй “пераможнай” песні “Плакалі ветры” Арцём і Ксюша хочуць прадставіць да канца гэтага года.
Узнагароджанне пераможцаў “Заспявай 2.0” скончылася акустычным сэтам гурта Navi.
Мікалай Дубавіцкі, фота – “Новы час”