Новыя ўмовы распаўсюду, у якіх апынулася газета “Наша ніва” і некаторыя іншыя газетныя выданні, выклікалі ў рэдакцыі газеты зразумелае жаданне абмеркаваць гэтую падзею са сваімі чытачамі.
4 сустрэчы ў 4 беларускіх гарадах – Глыбокім, Віцебску, Наваполацку і Гародні – з удзелам рэдактараў “Нашай нівы” Андрэя Скурка і Андрэя Дынька і галоўнага рэдактара інтэлектуальнага часопіса Arche Валера Булгакава адбыліся цягам бягучага тыдню ў межах кампаніі “Будзьма!”. На некаторых з іх прысутнічаў малады гісторык Алесь Пашкевіч.
Госці імпрэзы прэзентавалі новы каляровы нумар “Нашай Нівы”, якая і надалей будзе выходзіць у колеры. Валер Булгакаў прадставіў прысутным апошні нумар Arche, прысвечаны гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і дарасейскай гісторыі Беларусі, самы тоўсты беларускі часопіс усіх часоў.
Асаблівы інтарэс да сустрэчаў з вядомымі журналістамі і аналітыкамі праявілі жыхары горада Глыбокае. Імпрэза адбывалася ў мясцовым касцёле Найсвяцейшай Тройцы і сабрала нечакана шмат гледачоў. Валер Булгакаў тлумачыць гэты факт новым вітком грамадскага інтарэсу да незалежных беларускамоўных выданняў, які часткова падштурхоўваецца нацыянальна-свядомымі ксяндзамі, што служаць у касцёле.
“Наша сустрэча адбывалася пасля імшы. Практычна ўсе прысутныя адмыслова засталіся пасля яе сканчэння, каб сустрэцца з намі. Гэта вельмі радуе, бо ў нас ужо быў адмоўны досвед, калі людзі ўцякалі наўпрост пасярод імпрэзы”, – адзначыў Валер Булгакаў.
Эмацыйнай атрымалася сустрэча і з гарадзенцамі ўчора, калі Андрэем Скурком была прэзентаваная каляровая версія “Нашай Нівы”. На сустрэчы вялася гутарка пра далейшыя планы рэдакцыі адносна выпуску газеты.
Фота Уладзіміра Скрабатуна з westki.info