“Творчая раніца” з маладой таленавітай паэткай Валерыяй Куставай адбылася сёння са студэнтамі Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэту ў межах кампаніі “Будзьма!”. Падчас імпрэзы паэтка прэзентавала вершы са сваіх зборнікаў “Кроў Сусьвету”, “Каб неба сагрэць…” і “Тамсама” і адказала на шматлікія пытанні аўдыторыі аб сучасным стане беларускай мовы і літаратуры.
“Надзвычай мілая, цікаўная публіка была сёння. У параўнанні са студэнтамі філалагічнага факультэту БДУ, якія ўжо даволі прызвычаеныя да сустрэчаў з пісьменнікамі і паэтамі, студэнты тэхнічных установаў, на маю думку, больш зацікаўлена ставіцца да падобных мерапрыемстваў”, – паведаміла Валерыя Кустава.
Па яе словах, вялікая колькасць студэнтаў была не вельмі добра інфармаваная аб стане, у якім знаходзіцца сучасная беларуская літаратура. “Імпрэза павінна была доўжыцца паўтары гадзіны, але расцягнулася на дзве, бо студэнты задавалі нечакана шмат пытанняў. Яны паставіліся да імпрэзы з непадробнай жывой цікаўнасцю”, – адзначыла паэтка.
“Кожны раз перад выхадам на сцэну ты крыху хвалюешся. Але калі ты пачынаеш гутарыць са слухачамі, яны дораць табе свае ўсмешкі, і ты тады раскрываешся напоўніцу,”- распавяла Валерыя пра свае ўражанні ад выступаў перад вялікай аўдыторыяй.
Арганізатары сустрэчы з боку тэхналагічнага ўніверсітэту выказалі падзяку Саюзу беларускіх пісьменнікаў і паэтцы за натхняльную ранішнюю імпрэзу. ”Будзьма!” у сваю чаргу зычыць плёнаў і натхнення маладым беларускім паэтам!
Фота Валерыі Куставай