Вандроўка па паўночна-заходнім краі Беларусі пад назвай “За нашу і вашу вольнасць” адбылася 29 сакавіка, у нядзелю. Арганізатарм аднадзённай адысеі стала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Сваю ганаровую назву падарожжа атрымала невыпадкова — маршрут праходзіў па мясцінах, звязаных з постацямі дзвюх знакамітых асобаў беларускага мінулага. А менавіта — Міхала Клеафаса Агінскага, удзельніка паўстання 1794 году, і Францішка Багушэвіча, пісьменніка і ўдзельніка паўстання 1863 году.
Пра вандроўкі і не толькі распавядае кіраўнік таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, вядоўца падарожжа Антось Астаповіч:
— Гэта вандроўка з цыклу “Страчаны свет” — падарожжы па помніках, што прылягаюць да Астравецкага раёну. На Астравеччыне плануецца будаўніцтва АЭС, што можа значна пашкодзіць развіццю турызму ў гэтым багатым на гісторыка-культурную спадчыну раёне. Увогуле вандроўкі па Беларусі — гэта даўні, супольны праект. Апошнія некалькі месяцаў падарожжы такога кшталту не ладзіліся, але нядаўна было прынятае рашэнне аб аднаўленні гэтага праекту.
Пачаткам падарожжа стала Залессе — маёнтак знакамітага беларускага кампазітара і паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага. Вясенняя імжа нясмела прасякае свежае паветра, а ў свядомасці паўстаюць далёкія вобразы мінулага. У чароўным наваколлі амаль чуваць трагічныя акорды знакамітага паланезу колішняга гаспадара сядзібы — “Развітанне з радзімай”.
Інтэр’ер капліцы ў маёнтку Агінскіх
Далей на шляху падарожнікаў — маёнтак Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. У музеі-сядзібе, апроч кніжак ды фотаздымкаў пачынальніка беларускай літаратуры, — зброя паўстанца 1863 году: звычайная каса. Бараніць радзіму з такой зброяй ад вайскоўцаў са стрэльбамі — сапраўдны подзвіг.
Інтэр’ер дома Францішка Багушэвіча
Сярод удзельнікаў вандроўкі прысутнічалі сталыя аматары беларускай гісторыі. Стась Нагорскі:
— Мяне заўжды цікавіла гісторыя. Зараз мне 60 год. Пакуль ёсць магчымасць — вандрую.
Былі і тыя, хто ўпершыню зазірнуў у скарбніцу роднай спадчыны. Студэнтка Надзея:
— Такія вандроўкі — магчымасць дакрануцца да жывой гісторыі, да нашага мінулага.
Петрапаўлаўскі касцёл у Жупранах
Цягам вандроўкі падарожнікі губляліся ў мурах Траецкага касцёла ў Солах і касцёла Св. Мікалая ў Ашмянах, разглядалі неаготыку Петрапаўлаўскага касцёла ў Жупранах і вялі размовы з гасціннымі жыхаркамі вёсачкі Войстам:
— Нам тут сумна адным. Заходзьце ў хату. Я вас гарбаткай пачастую.
Помнік ахвярам фашызму і камунізму ў вёсцы Войстам
Падарожжа доўжылася цэлы дзень. Арганізавана яно было пры падтрымцы грамадзкай кампаніі “Будзьма!”