Традыцыйная нядзельная экскурсія па беларускай сталіцы адбылася 15 сакавіка з ініцыятывы моладзевага аб’яднання “Гісторыка”. Вандроўка ладзілася па адной з самых старадаўніх і аўтэнтычных вуліц Мінска — Карла Маркса. Экскурсаводам выступіў гісторык-тапаніміст, выкладчык БДЭУ Іван Сацукевіч.
Вандроўка ахапіла ўсю вуліцу Карла Маркса, ад цэнтральнага вакзалу і да самага парку Горкага. Дзякуючы невялікім памерам і кампактнасці вуліцы, пад увагу патрапілі амаль усе значныя ў гістарычным плане будынкі. Як і падчас ранейшых экскурсій, расповеды экскурсавода чаргаваліся з пытаннямі слухачоў.
Былая Падгорная, вуліца Карла Маркса захавала амаль поўнасцю як свой вонкавы выгляд, так і свой элітарны статус цэнтру культурнага і палітычнага жыцця краіны. У розныя гады на гэтай вуліцы жылі вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты Янка Маўр, Уладзімір Караткевіч, Цішка Гартны, Пятрусь Броўка. На вуліцы месцяцца тэатр Янкі Купалы, філасофска-эканамічны і філалагічны факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, Музей гісторыі і культуры Беларусі, замежныя амбасады, Міністэрства замежных спраў і Канстытуцыйны суд.
Вуліцу Карла Маркса адзначае суседства з вялікай колькасцю паркаў. Адзін яе канец мяжуе з Аляксандраўскім скверам, другі — з Міхайлаўскім. Мяркуецца, што неўзабаве вуліца стане пешаходнай.