“Шчырая споведзь мая” – пад такім дэвізам прайшла сустрэча паэтэсы Веры Буланда ў каледжы паліграфіі (1-я і 2-я групы) г. Мінска 23 кастрычніка 2013 года. Паэтэса шчыра размаўляла з выхаванцамі на тэмы культуры, мовы, адносін да бацькоў і Бацькаўшчыны, да працы і арганізацыі дня, да настаўнікаў, да свайго радаводу. Асобна спынялася на пытанні напісання вершаў. Выявілася, што ў каледжы ёсць навучэнцы, якія захапляюцца вершаскладаннем. І таму з цікавасцю успрымалі паведамленні аб цвёрдай форме верша: рандэль, рандо, трыялет, тэрцына, таўтаграма. Навучэнцы каледжа з задавальннем даведаліся, што кожны верш можа быць напісаны не абавязкова пад уплывам натхнення. Штуршком да напісання вершаваных радкоў можа быць вынашанае гадамі перажыванне, або гістарычная ці літаратурная звестка. Цікавым у такім разе быў эпізод з жыцця паэтэсы – як сумная памяць з далёкага дзяцінства смерці яе бацькі і… праз гады радкі тэрцыны:
Я ноччу бацьку зноў прысніла:
Ён у раі, сярод багоў,
Даміна светлы, не магіла.
Я клікала яго дамоў…
Мо’ і не пачуў, што і не глянуў,
Не разабраў, магчыма, слоў.
Прачнуцца боязна, устану,
Пачнецца дзень, які праклён.
“Як позна, позна, і як рана…”
Мой татка родны – толькі сон.
За актыўны ўдзел у размове, за самыя цікавыя пытанні навучэнцы каледжа ў знак заахвочвання атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а гэта: торбачкі, дыскі з цікавосткамі, майкі, паштоўкі “Мы – адметныя!”