Наша духоўнае багацце – наш асноўны скарб. Узняўшы гэту тэму, Вера Буланда правяла гутарку з вучнямі Траянаўскай і Маісееўшчынскай СШ 13 лютага 2013 года. Звярнула ўвагу на Караткевічаўскую гумарыстычную характарыстыку сапраўднага беларуса, які і ў цяжкія хвіліны свайго жыцця знаходзіць у сабе сілы і магчымасць пажартаваць з самога ж сябе, гэтым самым падкрэсліўшы моц, неўтаймоўнасць і разважлівасць сваёй натуры. Хаця б узяць да прыкладу эпізод з пагарэльцам Яўхімам, у якога пасля штодзённай працы – бяссонных начэй, можна сказаць, раптам згарэў увесь ураджай – увесь, нічога не засталося. І войкае, і плача Яўхім, што так пагарэў, ай жа і пагарэў, а потым, махнуўшы рукой, заяўляе: “Але ж і мышы ляснулі!”
Верш “Скарбніца”, які напісаўся аднойчы, узнік і пад уплывам вось гэтага эпізоду. Музыку на гэтыя шчырыя радкі Веры Буланда напісала Тамара Кашчэва – спявачка і кампазітар з Фаніпаля. Дарэчы, Тамара Кашчэва не раз выступала з гэтай песняй па Беларусі і прымала нават удзел у Маладзечанскім фестывалі. І вось на сустрэчы з вучнямі, дзякуючы запісу на дыску, гучала вясёлая, жыццярадасная і нават жыццясцвярджальная мелодыя.
Скарбніца
(песня)
А нашто нам скардзіцца
І гараваць?
Маем сваю скарбніцу –
Не параўнаць!
Прыпеў:
Скарбніца, скарбніца –
Родная старонка,
Ладзіцца не ладзіцца,
А спяваем звонка!
Беларус пакрыўдзіцца:
“Як дажываць?”
Дзівіцца-падзівіцца –
Трэба спяваць.
Прыпеў:
Скарбніца, скарбніца –
Родная старонка,
Ладзіцца не ладзіцца,
А спяваем звонка!
А другі няўседлівы –
Дык танцаваць,
Лёс свой няветлівы
Так ратаваць
Прыпеў:
Скарбніца, скарбніца –
Родная старонка,
Ладзіцца не ладзіцца,
А спяваем звонка!
Чыталіся вершы “А я – дзяўчына з Беларусі”, “Прыехаць бы на Мсціж свой леташні…”, “Я ноччу бацьку зноў сасніла”, прыгадваліся вершы іншых беларускіх паэтаў.
У час сустрэчы за арыгінальныя пытанні, за актыўны ўдзел у гутарцы, за правільныя адказы, пастаўленыя перад вучнямі паэтэсай, раздаваліся падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”: паштоўкі, торбачкі, майкі, дыскі з анімацыйным фільмам і іншымі цікавосткамі.