Неперыядычная серыя літаратурных сустрэч у бітлз-клубе “Паддашак” працягнулася прэзентацыяй кнігі вершаў магілёўска-мінскага паэта Віталя Рыжкова – “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Як і ў выпадку з Віктарам Марціновічам, падобны вечар быў першым у свеце і ў Беларусі адпаведна. Дзякуем Уладзіміру Булаўскаму за гэткія патрэбныя сустрэчы.
Амаль паўтары гадзіны “вешаў вершы на вушы” Віталь Рыжкоў. Мяркуючы па рэакцыі публікі, імпрэза магла працягвацца нашмат болей. Гэтаму спрыяла многае: і атмасфернае месца “Паддашка”, і неверагодная шчырасць паэта, але найперш – вершы. Прафесійныя і чулыя, інтэлектуальна насычаныя і правакацыйныя, вершы-гульні і вершы-прызнанні…
Сам Віталь назваў гэты вечар “справаздачай”. 15 год паэт спрабуе сябе ў літаратуры і каля 10 агучвае сваю творчасць публічна. Не верыцца, але за гэты час выйшла толькі адна кніга – “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Тая, што прэзентавалася ў Віцебску, – перавыданне (пераробленае і дапоўненае), да якога прыклалі рукі незалежныя ўкраінскія выдаўцы.
– Другую кнігу я не дапісаў. І ўсё ж такі мяне цікавіць не колькасць кніг і вершаў, а якасць. Я добра сабе ўяўляю, якой будзе другая кніга. Але хацеў бы мінімальна нагадаць якой была першая, бо яны будуць знітаваныя сюжэтна, цыклава, – прызнаецца паэт.
Дарэчы, пра другую кнігу Рыжкоў кажа, як пра амаль жывую істоту. І часцяком робіць паўзу перад тым, як вымаўляе гэтыя два амаль магічныя (а мо зусім і не) словы. Магічнасць тут ўзнікла не здарма. Той, хто быў на творчым вечары зразумее. Тыя, хто не быў, могуць крыху далучыцца праз відэашэраг Антона Якаўлева.
Акрамя ўласных вершаў, на творчым вечары Віталь агучваў таксама і пераклады. “Вельмі часта пра пераклады кажуць, што яны як жанчыны: або прыгожыя, або верныя. І я вельмі спадзяюся, што ў мяне выпадак калі і прыгожыя і верныя. Але хто ведае…”
Геаграфія даволі шырокая. Грузінскі Гага Нахуцрышвілі і польскі Рышард Крыніцкі, украінскі Сяргей Жадан і амерыканскі Рычард Бротыган, з кагорты трушных бітнікаў… Пераклады для Віталя не толькі вучоба, але ёсць тут нейкая таямнічаць перасячэння поглядаў ды ўяўленняў. Вось што ён сам пра гэтае кажа: “Адзінае пытанне, якім я задаюся: гэта наколькі Гага робіцца напрыклад мной, калі я перакладаю яго. Бо ўсе гэтыя канцэпты пра чорна-беласць, пра праўду, якія былі ў мяне да сустрэчы з грузінскім пісьменнікам, апынуліся ў яго. І гэта было шокам, і здаецца, гэта вялікая ўдача, што мне выпала перакладаць яго”.
А напрыканцы вечара Віталь прайшоў на рызыкоўна-смелую шчырасць і зачытаў творы, з якіх пачыналася яго паэзія, напісаныя з 15 па 19 год. “Гэта нейкі іншы чалавек пісаў, калі шчыра”, – кажа Рыжкоў, але і гэтыя вершы публіка сустракае з заміраннем сэрца і вачэй. Радкі быццам працінаюць прысутных, і яны сядзяць нерухома, быццам кожнай клетка ловяць сэнс, праглынаюць эмоцыі. Такое не заўжды пабачыш. Назіраць было прыемна. Спадзяюся, паэту таксама.
Падчас аўтограф-сесіі Віталь Рыжкоў прызнаўся, што ледзь не ў кожны верш ён дадае трошачкі асабістага. Як спецыі. Вось вам для эксперыменту адзін з тэкстаў – паспрабуйце адчуць. Усё – у стылі Рыжкова: дастакова дэпрэсіўна і па-хуліганску лірычна.
Я даўно казаў: наша доля – гаўно,
што па нашым жыцці не здымеш кіно.
Запіваючы шкварку сівухаю,
я казаў, будзе позна крычаць услед,
што не я вінаваты ва ўсім, але,
думаеш, мяне слухалі?
Я кашулю і шапку ставіў на кон,
выпрабоўваў стол, пагражаў кулаком.
Я ўсе сілы збіраў і я змог – алілуя!
Я ўсё бачыў, я чуў – і трымаў у сабе.
І равеў, калі да лесу адбег.
Думаеш, мяне чулі?
І я выў ваўком, і рыкаў быком,
і выхаркваў ком, і стагнаў цішком,
і я біўся ў зямлю, як смажаны.
Дык каго мне цяпер з сабою забраць?
З кім цяпер пайсці?..
Не апраўдвайся, брат –
думаеш, гэта важна?
Тэкст і фота: Алег Сербін
Відэа: Антон Якаўлеў