17 ліпеня ў КЦ “Грунтоўня” ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася сустрэча з перакладчыкамі Ганнай Янкута і Ігарам Крэбсам, якія прэзентавалі дзве кнігі з серыі Бібліятэкі часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” — “Прыгоды Шэрлака Холмса” Артура Конана Дойла і “Казкі” Вільгельма Гаўфа.
На пачатку сустрэчы Ганна Янкута расказала пра інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет”, пра гісторыю яго з’яўлення і нумары, а потым перайшла да кніжнай серыі “PostScriptum”. Паказаўшы некаторыя з кніг серыі, яна апавяла пра кожную з кніг, пра асаблівасці надрукаваных у іх творах, а таксама расказала пра загадкі, якія хаваюцца пад кожнай з вокладак. Пасля гэтага яна перайшла да кнігі Вільгельма Гаўфа “Казкі”, адзначыўшы, што кніга пачала планавацца яшчэ з трэцяга нумара часопіса, дзе былі надрукаваныя казкі Гаўфа “Карлік Нос”, “Малады англічанін” і “Адсечаная рука”, а таксама расказала гісторыю перакладаў Гаўфа на беларускую мову пачынаючы з 30-х гадоў.
Перакладчык шэрагу тэкстаў нямецкага казачніка Ігар Крэбс расказаў пра сваё змаганне са складанымі месцамі твораў і зачытаў урывак з першай казкі, за якую ён узяўся, — “Александрыйскі шэйх і яго нявольнікі”. Пасля госці правялі для берасцейцаў конкурс на аснове адной з тэставанак з часопіса “ПрайдзіСвет” — удзельнікам трэба было растлумачыць значэнне словаў беларускай безэквівалентнай лексікі. Пераможца атрымала падарунак ад “Будзьма беларусамі!”. Яшчэ адно заданне, з якім удзельнікі лёгка справіліся, — гэта адказаць на пытанні, якія тычыліся казак Гаўфа.
Пасля конкурсаў Ігар Крэбс прачытаў верш Генрыха Гайнэ “Рампсеніт”, напісаны на аснове расказанай Герадотам старажытнаегіпецкай легенды, анансаваўшы такім чынам сваю наступную кнігу. Ганна Янкута расказала пра злачынцу, які выяўлены на вокладцы кнігі пра Шэрлака Холмса, а таксама прачытала ўрыўкі з прадмовы да зборніка, расказаўшы пра яго канцэпцыю і пра далейшыя планы па перакладзе гісторый пра Шэрлака Холмса. У канцы сустрэчы прысутныя маглі задаць гасцям пытанні.
Фотаздымкі сябраў КЦ “Грунтоўня”