Беларускі паэт і перакладчык Віталь Рыжкоў з’яўляецца лаўрэатам прэміі часопіса «Дзеяслоў» — «Залаты апостраф» (2008), лаўрэатам прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча за кнігу паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы». Яго вершы друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Дзеяслоў», штотыднёвіках «Наша Ніва» і «Новы час». Перакладае з ангельскай і ўкраінскай моў. Пасля сустрэчы з бабруйчанамі літаратар адказаў на некалькі пытанняў «Бобруйского курьера».
— Чаму вас называюць паэтам-пісталетам?
— Буду шчыры, так мяне называлі, можа, толькі раз, ды і тое ў перыяд першых крокаў па літаратуры і публічных выступаў у Магілёве. Мяркую, чалавек, які так назваў мяне, у той момант проста быў у гуморы, і яго наведала Яе Вялікасць Рыфма.
— Што вам больш падабаецца, пісаць вершы, альбо займацца іх перакладамі?
— Ад кожнага пісьменніка для яго рамяства патрабуюцца дзве рэчы: шмат чытаць і шмат пісаць — амаль як ад першакласніка. А яшчэ я перакананы, што пераклад — сам па сабе яшчэ і найглыбейшая форма чытання чужога тэкста, пранікненне ў яго механізм, а не толькі мастацтва, якое патрабуе высокага ўзроўню пісьменніцкага майстэрства.
Таму пераклад як праца для пісьменніка часта робіцца неабходнасцю — калі наступае страшны звер, якога завуць «творчы крызіс». У такі перыяд пераклад і робіцца магчымасцю і чытаць якасныя тэксты калегаў, і, скажам так, не губляць уласнай пісьменніцкай кваліфікацыі.
Магчыма, пераклады не заўжды варта публікаваць і паказваць, але бываюць і прыемныя выключэнні. Што тычыцца таго, што я люблю больш, дык, я думаю, не сакрэт, што ёсць адзін спецыфічны «наркотык», якога прагне кожны, хто нешта піша — радасць творчасці. Вось гэтай радасці асабіста ў мяне больш, калі прыдумляецца штосьці сваё.
— Прозу не спрабавалі пісаць?
— Проза — зусім іншая субстанцыя, як выявілася падчас першых жа спробаў яе напісаць. Вядома, калі і ёсць нейкі бар’ер перад прозай у паэта, дык ён толькі ў маёй галаве, і я, вядома, аднойчы зраблю спробу яго адолець. Ёсць пару ідэяў на гэты конт у будучыні.
— Вашы адносіны да «афіцыйнага» Саюза пісьменнікаў?
— Я перакананы, што прыналежнасць, альбо (як у мяне) няўдзел, у любых (афіцыйных і неафіцыйных) пісьменніцкіх аб’яднаннях сёння нейкім істотным чынам не ўплывае на якасць таго, што ствараецца літаратарамі. Так, ёсць нейкія бонусы, як і ў кожным прафсаюзе, але гэта далёка ўжо не кватэры і аўтамабілі, як было за савецкімі часамі. Ува ўсіх беларускіх пісьменніцкіх аб’яднаннях (а я налічыў чатыры) свае задачы, перакананні — нейкія я падзяляю, нейкія не.
Раней я казаў, што адзіны саюз, які мяне задавальняе, гэта саюз сяброў (якія могуць быць пісьменнікамі), але гэты свет апынуўся старэйшым за гэтую маю наіўную перакананасць: сяброўскія стасункі яшчэ больш хісткія за ўпэўненасць у тым, што ты пісьменнік.
— У вас добрая памяць ці проста ўласныя вершы так добра памятаеце? Вы вершы быццам з кнігі чыталі…
— Памяць у мяне ардынарная, на жаль, пахваліцца не атрымаецца. Фокус у тым, што большасць сваіх вершаў я пісаў у памяці, не пераводзячы іх у літары да таго, як яны не будуць цалкам скончаныя. На напісанне такім чынам можа сысці тыдзень, і ўвесь гэты тыдзень штодня трэба паўтараць сабе ўжо напісанае, заадно правяраючы ўласныя радкі на трываласць уласнай цярплівасцю.
— Чаму пераехалі з Магілева ў Мінск?
— Пераезд з Магілёва ў Мінск адбыўся па цалкам сабе звычайных прычынах, зразумелым усім: стасункі, адчуванне, што прыспеў час пакідаць кватэру бацькоў, жаданне наладзіць сваё ўласнае дарослае жыццё. Калі планы і чаканні моцна разышліся з рэальнасцю, вярнуцца ў Магілёў не дазволіў гонар. А цяпер, калі тыя ж планы і рэальнасць па-ранейшаму аніяк не знаходзяць агульнай мовы, думаю, што лёгка ўхапіўся б за магчымасць памяняць горад яшчэ раз.
— Чым вы яшчэ займаецеся акрамя напісання вершаў?
— Працую я рэдактарам сайта, які піша пра сучасную беларускую культуру. Лепей нават сказаць, не рэдактарам, а — кантэнт-мэнэджэрам. Час ад часу падзарабляю валоданнем графічных праграм — раблю афішы, плакаты, відэа-ролікі. Вечары праводжу за чытаннем, альбо за сустрэчамі.
— Распавядзіце аб вашых творчых планах.
— У планах напісаць яшчэ хаця б дзве кнігі паэзіі. Як было сказана вышэй, паспрабаваць напісаць буйную прозу. Паспрабаваць сябе на сцэне каля мікрафона пад прыкрыццём музыкі.
Вось такія планы на бліжэйшыя 12 гадоў.