Напярэдадні Новага Года, 28 снежня, гурт Vuraj і кампанія “Будзьма беларусамі!” зрабілі канцэрт для школы-інтэрната г.п. Радашковічы.
Сабралася каля пяцідзесяці дзетак рознага ўзросту. Тыя, хто паменш, танчылі і прымалі ўдзел у казачных гульнях. Старэйшыя з захапленнем слухалі музыкаў і прытопвалі ў такт.
Напрыканцы, выхавацелька падзялілася ўражаннямі: “Мяне ўжо на калідоры абступілі і пытаюць, як гэта адзін чалавек на двух дудках адразу граць можа! Вось свята нам падарылі! Гэта ж так цікава дзеткам – і скрыпачка і флейта! Дзякуй Вам!”
Музычна-вандроўны аркестрык Vuraj і далей плануе ладзіць дабрачынныя канцэрты. У студзені і лютым музыкі завітаюць у Жодзінскі Дзіцячы дом, Жабінскую школу-інтэрнат, цэнтр дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах.