06.12.2016 | Навіны "Будзьма!"

Вяртанне легенды: “Будзьма” выпусціла паштоўкі паводле нашумелага анімацыйнага фільма (+ролік)

Сёлета споўнілася 5 гадоў легендарнаму анімацыйнаму мультфільму пра “шалёны народ” “Будзьма беларусамі, альбо Гісторыя Беларусі за 5 хвілін”.

Паштоўкі-расфарбоўкі “Будзьма беларусамі, альбо Гісторыя Беларусі за 5 хвілін”Гэта быў першы прафесійны анімацыйны фільм па гісторыі Беларусі, у якім у лёгкай і забаўляльнай форме апавядалася пра самыя адметныя моманты нашай мінуўшчыны. За ўвесь час мульт сабраў больш за мільён праглядаў, атрымаў шмат прэмій і нават увайшоў у тoп-10 праглядаў на Youtube і топ-3 на Yandex!

Праца над ролікам заняла амаль год: візуальная частка была зробленая аніматаркай Юляй Рудзіцкай, тэкст да песні напісаў Лявон Вольскі, а “голасам” роліка стаў Аляксандр Памідораў. Ідэя мультфільма належала Юліі Ляшкевіч. Ролік заклікаў крытычна ставіцца да стэрэатыпу аб тым, што беларусы — памяркоўны народ, бо гісторыя краіны сведчыць пра адваротнае.

Кампанія прапаноўвае і дзецям, і дарослым своеасабліва адзначыць першы юбілей мультфільма, узяўшыся за алоўкі. Так-так, з нагоды 5-годдзя паводле сюжэтаў мультфільма “Будзьма беларусамі!” выдадзены камплект размалёвак, які складаецца з 12 паштовак. Цяпер кожны можа размаляваць на свой густ найбольш яскравыя падзеі з даўнейшых часоў і да 1991 года: дахрысціянская Беларусь і Вялікае Княства Літоўскае, Ефрасіння Полацкая і Вітаўт Вялікі, Францішак Скарына і Уршуля Радзівіл, паўстанне Касцюшкі і Адраджэнне, абвяшчэнне БНР і беларусізацыя ў БССР, з’яўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Набор паштовак паводле мульта “Будзьма беларусамі, альбо Гісторыя Беларусі за 5 хвілін”

Дарэчы, упершыню расфарбоўкі з’явіліся ў ЗША ў канцы ХІХ стагоддзя. Яны выдатна падыходзілі як для адукацыйных мэтаў, так і для аздараўленчых. З іх дапамогай дзеці даведваліся новыя цікавосткі пра свет, а дарослыя перамагалі стрэс.

Размалёвак уласна беларускіх, тым больш разлічаных і на дарослых, і на дзетак, пакуль няшмат.

Ідэя: ГКК “Будзьма беларусамі!”
Малюнкі: Ю.Рудзіцкая
Дызайн:  А.Лазар
Аўтар тэкстаў:  П.Касцюкевіч
Карэктар К.Маціеўская

Дык давайце расквецім гісторыю нашай краіны разам!

Набыць камплект паштовак-размалёвак можна ў наступных крамах:

Мінск

Акадэмкніга (пр-т Незалежнасці, 72);

Цэнтральная кнігарня (пр-т Незалежнасці, 19);

Веды (вул. К. Маркса, 36);

Кнігарня пісьменніка (вул. Казлова, 2);

Светач (пр-т Пераможцаў, 11);

Гародня

“Праметэй” (вул. Савецкая, 10);

Маладзечна

“Спадчына М” (вул. Прытыцкага, 7);

Полацк

“Светач” (вул. Камуністычная, 21);

Бабруйск

“Крыніца ведаў” (вул. Горкага, 31).

А таксама замовіць у інтэрнэт-крамах knihi.by і symbal.by (з дастаўкай па ўсім свеце).

(Пра новыя  пункты продажу кнігі  ў сталіцы і абласных цэнтрах будзе паведамлена дадаткова)

 


Адзін каментар у “Вяртанне легенды: “Будзьма” выпусціла паштоўкі паводле нашумелага анімацыйнага фільма (+ролік)”

  1. Бэля says:

    Гэта была адзіная сапраўды гучная ініцыятыва “Будзьмы”. Парэбныя дзеяньні менавіта гэткага кшталту: правакацыйныя, якія пакінуць рэзананс, пра якія ў народзе будуць размаўляць. Толькі гэтак можна прыцягнуць увагу да беларушчыны.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика