Гурт “Детидетей” адсвяткаваў надыход вясны вялікім сольным канцэртам на пляцоўцы сталічнага клубу “Рэактар” 5 сакавіка.
Па традыцыі, выступ “Детидетей” стаў нечым большым, чым шараговая музычная імпрэза. Музыкі пераўтварылі свой канцэрт у вялікае прадстаўленне з пераапрананнем, пераўвасабленнем і тэатральным дзеяннем. Яны гутарылі з публікай, жартавалі, шчыра смяяліся і плакалі.
Як і было абяцана, музыкі падрыхтавалі шмат сюрпрызаў і нечаканых падарункаў сваім фанатам. На ўваходзе кожнага госця чакала маленькая капэрта з некалькімі круглымі шарыкамі першага веснавога насення. А пасярод імпрэзы музыкі саступілі месца народнай спявачцы Грузіі Тамары Гвердцытэлі, за чыёй белай вопраткай тым не менш лёгка ўгадваўся смяшлівы вобраз салісткі Ганны Хітрык.
У канцэрце прагучалі кампазіцыі з альбомаў “ОтЛично” і “Конверты для снов”. Музыкі выканалі свае вядомыя “Люты”, “Камякі”, “Ненадолго”, “Крыса”, “Синее-синее”, “Колыбельную”, “Чумадрыху” і, безумоўна, самыя папулярныя “Небо я” і “Гімн моладзі”. Спявалі смешныя і вясёлыя песні, спявалі пра вечнае — пра жыццё і каханне. Штосьці выклікала ў прысутных слёзы ад нечаканай эмацыйнасці і шчырасці на сцэне, штосьці прымушала скакаць ад жыццярадаснасці і вясёлай непасрэднасці “Детейдетей”.
Адна з цыдулак, што перадалі на сцэну з залі, гучала так: “Вы былі, ёсць і будзеце самымі лепшымі”. Веру ў магчымасць вяртання ў радаснае і бесклапотнае дзяцінства, прынамсі ў думках, падарылі “Детидетей” усім, хто наведаў іх канцэрт у “Рэактары”.
Фота з форуму detidetey.com.