28 красавіка ў рамках акцыі “500-годнасць” у Літаратурным музеі Пятруся Броўкі прайшла вечарына, прысвечаная творчасці Міхася Стральцова. Як вядома, Стральцоў заўсёды з вялікім натхненнем казаў пра Скарыну. Гэта быў ягоны герой і маральны аўтарытэт.
Аўтар вечарыны — драматург, педагог і даследчык літаратуры Васіль Дранько-Майсюк расказаў малавядомыя факты пра аўтара “Смалення вепрука”, паказаў яго творчы партрэт, акрэсліў той час, ў якім працаваў Стральцоў. Прысутныя (а гэта былі і вучні 7-га класа СШ № 77 і студэнты, і выкладчыкі усяго каля 20 чалавек) слухалі з вялікай цікавасцю, задавалі пытанні. Многія нічога не ведалі пра гэтага выдататнага пісьменніка і пасля сустрэчы, натхнённыя, абяцалі пачаць знаёмства з яго творчасцю.