19 лютага адбылася сустрэча з паэтэсай Верай Буланда ў СШ №13 і ў ліцэі горада Барысава.
У ліцэі з самага пачатку гутаркі намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы была акрэслена тэма грамадзянства, патрыятызму, пашаны да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Марыя Аляксандраўна прачытала вершы Еўтушэнкі, а спадарыня Вера Буланда прадоўжыла размову творамі Антона Бялевіча, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Барадуліна, сваімі разважаннямі пра вайну і мір, пра ветэранаў той страшнай навалы 1941-1945 года.
Вучням цікава было пачуць расповеды пра тое, якія ўспаміны пакінулі дарослыя шмат гадоў таму ў сэрцы дзяўчынкі пра спаленых мужчын у в. Мсціж, якая значыцца сярод спаленых вёсак. У вёсцы пабывалі і аўтары кнігі “Я з вогненнай вёскі”, і таму не маглі не ўзнікнуць з часам радкі як адказ на папрок адной шаноўнай асобы: “Што ім – яны не ведаюць вайны!”
Чаму папрок такі, скажыце,
Я помню з болем і тугой,
Як бацька уцякаў па жыце,
Як каты цэлілі ў яго…
Яшчэ я чула, як сабралі
Аднавяскоўцаў у хляве…
Як цяжка тых пажарышч хвалі
Змясціць мне сёння ў галаве…
І ў ліцэі, і СШ № 13 горада Барысава вучні задавалі пытанні на розныя тэмы, прасілі прачытаць вершы пра родны край, бацькоў, радкі з інтымнай лірыкі.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” актыўныя вучні атрымалі падарункі: паштоўкі “Мы – адметныя”, дыскі з цікавосткамі, торбачкі і майкі.