Спадарыня Вера Буланда выступіла ў гімназіі № 13 г. Мінска 21 чэрвеня 2015 года.
Выступ адбыўся перад вучнямі 5в, 5г, 6а, 8б класаў. Асноўнай тэмай сваёй сустрэчы з выхаванцамі гімназіі №13 спадарыня Вера абрала думку «І мы вайну перажылі…», звязаўшы яе з 70-годдзем Дня Перамогі.
Размова ішла пра кнігі, вядомыя і невядомыя вучням. Дзеці самі ўключаліся ў размову, распавядалі, якія кнігі ім асабліва запомніліся. Ва ўсіх класах часцей называліся мастацкія і дакументальныя творы: «Ніколі не забудзем», «Брэсцкая крэпасць», «Васількі» М. Лынькова, вершы А. Вярцінскага, Р. Барадуліна, В. Зуёнка і інш. Асобна спыніліся на расповядзе жыццёвай гісторыі Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, прыгадаўшы кнігу Ул. Ліпскага «Доўгія вёрсты вайны». Гэты твор некалі моцна крануў сэрца паэтэсы і натхніў на верш, у якім і ўспамін пра спаленых землякоў у роднай вёсцы, расстраляных яўрэяў, пра цётку родную, якая насіла ў партызанскую зямлянку хлеб, а таксама гераізм Зіны Тусналобавай:
І з Тусналобаваю Зінай
Цягнула раненых, і зноў…
Скажыце, шкадаваць не дзіўна,
Што не мая там стыла кроў?
Не я ад лёду адарвана,
І не абрубкі замест рук,
На павуцінцы наснаванай
Не мой ледзь чутны сэрца стук…
Сышліся на думцы, што, кнігі, фільмы, успаміны старэйшых пра вайну пацвярджаюць думку цудоўнага беларускага асветніка, аўтара паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскга:
Войны! Злачынная справа – вайна выклікае
Гнеў мой, і слёзы, і боль…
Актыўныя вучні і паэты гімназіі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» былі ўзнагароджаны паштоўкамі «Не маўчы па-беларуску», закладкамі, торбачкамі.