Гэтымі днямі мы адзначаем 200-годдзе вядомага паэта М.Ю. Лермантава, і таму паэтэса Вера Буланда 16 кастрычніка сярод вучняў 5,7, 8 класаў сярэдняй школы № 9 г. Мінска пачала размову пра любімага з дзяцінства паэта, паведаміўшы для досведу, што Аркадзь Куляшоў у сямігадовым узросце не мог без слёз чытаць “Мцыры” – адзін з лепшых твораў Міхаіла Лермантава.
Спадарыня Вера перакладае расійскую паэзію на беларускую мову і прапанавала вучням да наступнай сустрэчы перакласці любімы верш паэта на беларускую мову – гэта своеасаблівы конкурс, пераможцаў чакаюць прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Паэтэса Вера Буланда распавяла, што не проста было, напрыклад, перакласці верш “И скучно, и грустно, и некому руку подать…”, так як прысутнічае адрозненне ў націскных складах у слове “руку”(руск.) і “руку”(бел.), таму прыйшлося падысці да іншага:
Тужліва і скрушна, і некаму слова сказаць
Ў хвіліны душэўнага смутку…
Жаданні!.. навошта дарэмна і вечна жадаць?..
Гады пралятаюць – найлепшыя хутка!
Паэтэса Вера Буланда прачытала вершы вядомых беларускіх паэтаў, свае вершы, адказала на пытанні цікаўных вучняў, пачула сапраўдныя выступы дасведчаных у беларускай паэзіі, за што ўсе актыўныя суразмоўцы былі ўзнагароджаныя ад кампаніі “Будзьма беларусамі” паштоўкамі “Мы – адметныя”, “Не маўчы па-беларуску”, майкамі і торбачкамі.