У час гутаркі з вучнямі 10-га “А”, а потым 5-га “А” класаў СШ № 217 23 лістапада 2015 года паэтэса Вера Буланда звярнула ўвагу: памылкова лічыць, што вершы – гэта ўсяго толькі словы, якія падпарадкоўваюцца пэўнаму рытму. Бо ёсць так многа жамчужын прозы, якія прывабліваюць да сябе душу, а іх змест і форма напаўняюць сэрцы захапленнем і здзіўленне, і кожная з іх – гэта сапраўдны помнік паэзіі.
Мы заўсёды здзіўляемся, калі травінка прарастае праз асфальт.
Травінка – праз асфальт – не навіна.
Але такое дзіўнае стварэнне!
Ў каторы раз і цуд і недаўменне,
Яна ў нас выклікае як здарэнне,
Якому быццам роўнага няма.
Таму, на думку спадарыні Веры, калі чытаеш вершы, або пішаш іх, насамрэч – “молішся слову” (Я.Брыль), з гэтым словам звяртаешся да неба, маці, каханага…
Спадарыня Вера прывяла прыклады паэзіі ў прозе Я. Брыля. А таксама пазнаёміла выхаванцаў з некаторымі відамі цвёрдай формы верша, разам з вучнямі прыгадаўшы вядомы санет “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі” Максіма Багдановіча.
Настаўніцы і вучням спадабалася таўтаграма на “с” Веры Буланда:
Скарыў сасоннік сон,
Слязой сцякла смала,
Савы страшэнны стогн
Спалохаў стрэл “ствала”
…………………………
Сыду сюды. Скашу
Страфу сабе, сусвет,
Сама сабе схлушу,
Сабе сатку санет,
Спаду слязой скупой.
Смалою ў сон-сасну,
Славутаю, святой
Сама сябе сасню!
Па прапанове спадарыні Веры вучні ўдзельнічалі ў конкурсе стварэння празаічных таўтаграм, чыталі свае вершы.
Цягам сустрэчы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” вучні за актыўнасць і выразнае чытанне вершаў атрымлівалі падарункі: паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, торбачкі з выявамі цмокаў, майкі.