4 сакавіка, напярэдадні жаночага свята, у Баранавічскім санаторыі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” адбылася творчая сустрэча паэткі Валянціны Восіпавай з аматарамі паэзіі. Паэтка адразу настроіла слухачоў на лірычную хвалю, пазнаёміўшы іх са сваёй творчасцю. Таксама ў выкананні паэткі прагучалі вершы пра каханне знакамітых беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Эдуарда Акуліна.
Асаблівае ўражанне ад беларускай паэзіі атрымалі госці з Расіі, якім, акрамя высокага літартурнага ўзроўню вершаў, вельмі спадабалася мілагучнасць нашай беларускай мовы. У аўдыторыі, якую складалі пераважна жанчыны, панавала сапраўдная святочная атмасфера. З цікавасцю слухачы ўспрынялі і літаратурную віктарыну, у якой прынялі актыўны ўдзел, за што былі ўзнагароджаны памятнымі паштоўкамі і закладкамі. Бібліятэка санаторыя ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі” атрымала торбачку і асобнікі часопіса “Дзеяслоў”. Яе супрацоўнікі выказалі ў адрас кампаніі словы падзякі за літаратурную сустрэчу і падарункі.
16 сакавіка ў базавай школе г. Бярозы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” паэтка Валянціна Восіпава пазнаёміла вучняў 7-9 класаў з сучаснай беларускай літаратурай, распавяла ім пра маладых беларускіх паэтаў, а таксама зачытала свае лірычныя вершы.
Ад памяці паслужлівай ніколі,
Нам не ўцячы, трымае часу клець…
Спіралі ўздым або фатальнасць кола?
Дагэтуль не маглі мы зразумець.
О, малітоўнасць злучаных паглядаў,
Міжволі сэрца падае на брук!
І гэты ток невызнаных зарадаў
Пры дотыку тваіх дрыготкіх рук.
Паволім крок – гняце фатальнасць кола…
Спадае супярэчнасцяў імжа.
Як быццам лёс не разлучаў ніколі-
Мы зноў с табой адзіная душа.
Сустрэча з паэтычным беларускім словам прайшла ў цёплай і пранікнёнай атмасферы. Вучні актыўна ўдзельнічалі ў літаратурнай і гістарычнай віктарынах, паказалі добрае валоданне ведамі, а таксама праявілі вялікую зацікаўленасць да сучаснай беларускай літаратурай.
Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі” торбачкі, закладкі і паштоўкі. А школьная бібліятэка папоўніліся свежымі нумарамі часопіса “Дзеяслоў”.
18 сакавіка ў літаратурнай гасцёўні “Крыніца” у Баранавічах у межах кампаніі “Будзьма беларусамі”адбылася сустрэча паэткі Валянціны Восіпавай з аматарамі паэзіі клуба “Ліра”. Прагучалі не толькі вершы на меладычнай беларускай мове, паэтка праспявала і некалькі любімых беларускіх народных песень, якія прыйшліся да спадобы аўдыторыі.
А потым пачалося сапраўднае свята беларускай песні – усе з задавальненнем спявалі разам пад акампанент гармоніка. Слухачы таксама падзяліліся ўласнай творчасцю – чыталі свае вершы, прызнаваліся ў любові да роднай беларускай мовы. У падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі” удзельнікі клуба “Ліра” атрымалі торбачку, часопісы “Дзеяслоў”, памятныя паштоўкі і закладкі.