25 студзеня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць”, прысвечанай юбілею беларускага друку, у віцебскім арт-пабе “Торвальд” адбылася творчая сустрэча з паэтам-перакладчыкам Міхасём Булавацкім і бардам Змітром Бартосікам. Сустрэча была прысвечана паэту, спеваку, акцёру Ўладзіміру Высоцкаму, чыё нараджэнне прыхільнікі яго талентаў адзначалі ў гэты дзень.
Спадар Булавацкі прэзентаваў зборнік У.Высоцкага “Пра жыццё, пра волю, пра сябе…” у сваіх перакладах на беларускую мову, расказаў 15-гадовую гісторыю стварэння кнігі, прачытаў некалькі твораў у сваіх перакладах. У выкананні З.Бартосіка і яго гітары прысутныя пачулі творы вядомых савецкіх бардаў У.Высоцкага, Б.Акуджавы ў перакладах Р.Барадуліна і М.Булавацкага.
Зацікаўленыя маглі набыць дыск з песнямі ў выкананні З.Бартосіка і зборнік “Пра жыццё, пра волю, пра сябе…” з аўтографамі. Адзін з гэтых зборнікаў перакладчык перадаў у падарунак Віцебскай абласной бібліятэцы.
Асоба У.Высоцкага вабіць сёння найперш тым, што гэты чалавек ніяк не ўпісваўся ў сістэму той дзяржавы, у якой існаваў. Ён змагаўся з гэтай сістэмай, можна нават сказаць – ваяваў, бо слова “вайна” ў гэтым кантэксце ён сам часта выкарыстоўваў у сваіх творах.
“… Інстанцыі, чыноўнікі-рупліўцы
Абвесцілі мне жорсткую вайну
За тое, што спакой я ўзварухнуў,
Што хрыпам я краіну скалануў…”
“… Канчаць вайну? Якое адкрыццё!
Але ж цану якую закруцілі!
Нам прапануюць доўгае жыццё
Ў віне, брыдоце, ганьбе, здрадзе, гнілі.
Ці ж вартае жыццё такой цаны?..”
Такога жыцця чалавек не хацеў: “Мы не памром пакутным існаваннем, мы лепш надзейнай смерцю ажывём!” Пераклад гэтых радкоў М.Булавацкі прысвяціў Міхаілу Жызнеўскаму.
Асоба У.Высоцкага для беларусаў блізкая. Ён здымаўся ў кінафільмах В.Турава і спыняўся на начлег у нашых гатэлях пры паездках з Масквы ў Парыж, ды ўвогуле яго продкі па мячы і продкі яго жонкі Марыны маюць беларускае паходжанне. А яго творчасць, асабліва яго тэксты для сённяшняй Беларусі актуальныя як ніколі.
500-годнасць беларускага кнігадруку працягваецца. Зборнік перакладаў У.Высоцкага годна дапаўняе беларускую кніжную прастору. Нездарма ж адзін з перакладзеных твораў Л.Баршчэўскі скарыстаў ў хрэстаматыі для ліцэістаў “Беларуская літаратура і свет”.
А М.Булавацкі зараз спрабуе “беларусізаваць” Барыса Чычыбабіна, які за свае вершы адседзеў пяць год у сталінскіх лагерах.