Мастацкая выстава “Нябесныя бегі. Вечны вандроўнік”, прысвечаная 120-гадоваму юбілею мастака-адраджэнца Язэпа Драздовіча, адкрылася 21 лютага на Гарадзенскай зямлі, у старажытнай Лідзе. Прэзентацыя экспазіцыі адбылася ў выставачнай залі Лідскага гісторыка-мастацкага музею з ініцыятывы яго кіраўніцтва. Арганізатарам падзеі выступіла творчая суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў пры падтрымцы кампаніі “Будзьма!”.
Пры адкрыцці выставы гучала класічная музыка ў выкананні камернага ансамблю лідскай музычнай школы №1. З вітальным словам выступіла дырэктарка музею Ганна Драб і ўдзельнікі выставы, у тым ліку старшыня суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін і лідскі мастак Алесь Судар. Ён павітаў сваіх калег з Мінску і выказаў падзяку дырэкцыі музею за прадастаўленне залі для правядзення экспазіцыі. Алесь Марачкін звярнуў увагу прысутных на тое, што 21 лютага, акрамя адкрыцця выставы, святкуецца і яшчэ адна не менш важная падзея: Дзень роднай мовы.
Пасля ўрачыстага адкрыцця Аляксей Марачкін правёў экскурсію па самой экспазіцыі. Значную ўвагу ён надаў расповедам пра карціны, прысвечаныя мясцінам Драздовіча, асабліва такім творам як “Камень Язэпа Драздовіча” аўтарства Маркаўца, “Касцёл у Бабруйшчыне” Уладзіміра Сулкоўскага.
На выставе прадстаўленыя 54 творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-ужытковага мастацтва. Сярод якіх акварэлі Міколы Купавы, Рыгора Мяжуева, Міколы Аўчыннікава, жывапісныя палотны Генадзя Драздова, Уладзіміра Сулкоўскага, Алеся Мары і Віктара Маркаўца, графіка Яўгена Шатохіна і Рыгора Сітніцы, фантастычныя матывы Георгія Скрыпнічэнкі і Тодара Копшы, скульптуры Алеся Шатэрніка.
Выстава будзе доўжыцца да 14 сакавіка 2009 года, пасля чаго пераедзе ў Полацк.