Адкрыццё дзвюх мастацкіх выставаў, прысвечаных 200-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і 120-годдзю з дня нараджэння мастака, паэта, кампазітара і фалькларыста Язэпа Драздовіча адбылося ўчора ў Палацы мастацтва ў межах кампаніі “Будзьма!”.
На адкрыцці выставаў з музычным канцэртам выступіў творчы калектыў “Беларуская капэла”, які выканаў кампазіцыі аўтарства Станіслава Манюшкі, Міхала Агінскага, Напалеона Орды пачатку-сярэдзіны ХІХ стагоддзя. З урачыстымі словамі ў гонар Дуніна-Марцінкевіча выступілі начальнік упраўлення мастацтваў міністэрства Міхаіл Казловіч, мастакі Мікола Купава і Сяржук Цімохаў.
На выставе, прысвечанай Дуніну-Марцінкевічу, прадстаўленыя партрэт пісьменніка, напісаны Аляксеем Марачкіным, літаграфія “Пінская шляхта” Уладзімера Савіча, серыя карцін Міколы Купавы з выяўленнем паўстання 1863 года, Кастуся Каліноўскага і Дуніна-Марцінкевіча і шмат іншых.
Сярод карцінаў, напісаных у гонар Язэпа Драздовіча, – творы Аляксея Марачкіна, Ігара Марачкіна, Яўгена Шатохіна, Міколы Аўчыннікава.
Абедзве выставы прадоўжыцца да 21 снежня.