У лесе каля вёскі Кастыкі Вілейскага раёна раскінуўся намётавы летнік, дзе пасяліліся ўдзельнікі археалагічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам гісторыка Мікалая Плавінскага. А 23 чэрвеня 2016 г. у рамках грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” туды завітаў паэт Віктар Жыбуль, які зладзіў выступ перад удзельнікамі раскопак – пераважна вучняў 7-х – 8-х класаў. На лясной палянцы, пасярод летніка Віктар прачытаў вершы пра зграю Карлсанаў, пуп неба, Андрэйку-батарэйку і яшчэ шмат чаго.
Паміж дэкламацыяй сваіх твораў выступоўца праводзіў штосьці кшталту віктарыны на веданне беларускай літаратуры, разыгрываючы ў якасці прызоў паштоўкі. Атрымалі падарункі і тыя школьнікі, хто за гэтыя дні на раскопках “хоць нешта адкапаў” (нават чарапок), а таксама тыя, хто “нічога не адкапаў, але яшчэ абавязкова адкапае”.
Паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – падарункі не толькі прыгожыя, але і карысныя: яны дапамагаюць крыху ўзбагаціць беларускі лексікон. Прыйшліся яны даспадобы і юным археолагам: яны з цікаўнасцю разглядалі паштоўкі, перапытвалі значэнне некаторых слоў (“А што такое “Смарагдавы”?”).