Спадарыня Вера Буланда выступала 17 і 18 студзеня 2017 года ў гімназіі “Альтэрнатыва” і ў СШ №53. Свой выступ Вера Аляксандраўна пачала з падарункаў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьменнікаў – плакатаў “Наша “Пяцісотгоднасць” і “500 год беларускага кнігадруку”.
Гэтым самым спадарыня Вера падкрэсліла годнасць Францыска Скарыны, слухачоў, сваю… Адзначыла, што дзякуючы нашаму славутаму першадрукару мы сёння маем пачуццё гонару, друкуючы і чытаючы кнігу, мы памятаем, якую важную ролю яна іграе ў жыцці чалавека. У гэтым годзе наша грамадскасць будзе адзначаць яшчэ адну юбілейную дату – 135-годдзе народных паэтаў Бедарусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Кнігі нашых славутых землякоў ведаюць і чытаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Спыніўшыся на творчасці Янкі Купалы, паэтэса прыгадала паход са сваімі выхаванцамі ў Ляўкі, пасля якога напісаўся верш:
Шырокай стужкай цёмна-сіняй
Разлёгся ўвечары Дняпро,
Тут мыўся лось і сын ласіны,
І нас сустрэў ён, як сяброў.
……………………………….
Дзе сам хадзіў калісь Купала,
Сядзеў на беразе ракі
І слухаў, вёска як спявала,
Як спаць збіраліся Ляўкі.
Здаецца, крыкне нам з балкона
Прыветна, шчыра: “Хто са мной,
У бор бліжэйшы, луг стамлёны
І на рыбалку заадно.
…………………………
Народу “адплаціў” нямала,
Ну, як нам ім не даражыць?
Пакуль жыве ў душы Купала,
Людзьмі мы будзем, будзем жыць!
Насамрэч, каму не вядомы яго прарочыя радкі: “Я адплаціў народу, чым моц мая магла, зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла…” І немагчыма не пачуць яго скрушны голас у апошніх радках – як цяжкі ўздых: “А болей, што там болей чакаць ад песняра?”
Пераможцы віктарыны “Жыццё і творчасць Я. Купалы” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі ў падарунак паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”.