12 красавіка адбылася сустрэча з паэтэсай Верай Буланда ў СШ 71 перад вучнямі 9-10-11 класаў.
Сустрэчу з паэткай адкрывала выкладчык беларускай мовы і літаратуры Чыркова Алена Іванаўна, якая чытала радкі з верша спадарыні Веры “Паэзія”:
Паэзія – мая гаспода, і мой храм,
Дзявочая святая летуценнасць,
Даверлівасць прагнозам і вятрам,
Што сталі назаўжды няўлоўным ценем.
У самым пачатку размовы спадарыня Вера звярнула ўвагу на вершы і цікавыя роздумы Алеся Пісьмянкова, адзін з іх з арыгінальнай назовай “Думаць вершы”, які пачынаецца абразком “У птушкі ёсць гняздо”. “Маю душу – пачынае А.Пісьмянкоў – зноў паланіў Бунін. Вось ужо колькі дзён не магу выйсці з біяполя яго магічных радкоў:
У птицы есть гнездо, у зверя есть нора,
Как было горько сердцу молодому,
Когда я уходил с отцовского двора,
Сказать прости родному дому.
Гэты глыбокі бунінскі ўздых, поўны горкай тугі, блізкі мне не толькі тым, што сугучны з маім цяперашнім настроем, а яшчэ і тым, што ён, як далёкае рэха, перагукваецца праз стагоддзі з даўно родным і дарагім, Скарынавым:
Понеже от прірожденія звері,
І ходяше в пустыне, знають ямы своя;
Птіцы, летаюше по воздуху, знають гнезды своя…
Вельмі хочацца верыць, што Бунін быў знаёмы з прадмовай доктара Францыска Скарыны з Полацка да кнігі “Юдзіф”.
Вучням таксама было цікава, як узнікаюць вершы, як думаюцца яны, ці заўсёды толькі натхненне прычына нараджэння вершаў, ці яшчэ якія сакрэты ўтойваюцца ў паэтычнай душы. У час гутаркі не толькі чыталіся вершы, але і спяваліся песні.
— Калі размова пра сапраўдную паэзію, падкрэсліла Вера Буланда, то хочацца прыгадаць цудоўныя радкі з верша Рыгора Сітніцы “Першаснежка”:
А я вышняю цішаю верш гэты вышыю,
Першаснежкам журбу сваю зацерушу,
І стэрыльна-нябеснаю белаю цішаю
Забінтую параненую душу.
Спадарыня прачытала нямала вершаў з новага зборніка “Сараматніца”, з кнігі “Шчырая споведзь мая”.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” актыўныя вучні атрымалі падарункі: паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, торбачкі і майкі.