This movie requires Flash Player 9
23.03.2015 | Кірмаш праектаў Культура на галоўнай Навіны "Будзьма!" Робім культуру

Як мы будзілі ген культурных перамог у Берасці

Сапраўднай Культурнай сталіцай горад становіцца не праз афіцыйныя пастановы і ганаровыя званні. Сталічны культурніцкі “дзвіж”: насычаная мерапрыемствамі гарадская афіша, яскравыя падзеі і праекты не ўтвараюцца росчыркам бюракратычнага пяра, а ствараецца супольнымі намаганнямі, крэатывам ды ініцыятыўнасцю гараджан. З упэўненасцю ў гэтым кампанія “Будзьма беларусамі!” наведала Берасце, сёлетнюю Культурную сталіцу, і зладзіла там “Кірмаш праектаў”.

“Праявіце ген культурных перамог!” – з такім заклікам распачалася прэзентацыя крэатыўных ідэй 19 сакавіка ў берасцейскай “Грунтоўні”. Увазе публікі былі прадстаўленыя пяць праектаў. Прысутныя выступілі суддзямі і кансультантамі – усе разам дапамагалі аўтарам дапрацаваць задуму, зразумець, што неабходна, каб яе ажыццявіць, і як больш дакладна акрэсліць мэтавую аўдыторыю сваіх праектаў.

Кацярына Лютыч (навуковы супрацоўнік Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея) прэзентавала адразу два праекты: культурна-адукацыйны праект “Гісторыя Берасця для чайнікаў” і праект пра бацькоўства, выхаванне і моцную сям’ю “Бацькі. BY”. Яго аўтарка – Вольга Крусь (выкладчык БрДУ імя А.С.Пушкіна, трэнер нефармальнай адукацыі) не змагла прысутнічаць на “Кірмашы”.

І вельмі шкада. Бо па праекце “Бацькі.BY” ў залы адразу з’явілася шмат пытанняў і прапановаў. Яго мэта – зацікавіць моладзь, якая ў найбліжэйшы час створыць свае ўласныя сем’і, у выхаванні нашчадкаў у беларускіх традыцыях. “Бацькі.BY” ужо пэўны час ладзяць у Берасці семінары, сустрэчы і лекцыі на базе ўніверсітэта. Цяпер перад імі стаіць пытанне пашырэння аўдыторыі. Парады залы зводзіліся да больш прывабнага пазіцыянавання заняткаў як сапраўды нефармальных, сучасных, пазбаўленых нежывой акадэмічнасці ў такой тонкай з’яве, як беларушчына. А гэта ў сваю чаргу патрабуе:

а)  для пачатку перанесці заняткі з універсітэцкіх сценаў на больш адкрытыя пляцоўкі, ладзіць мерапрыемствы рэгулярней і

б) арыентавацца на ўжо створаныя маладыя сем’і (асабліва на матуль у дэкрэтным адпачынку). Такая дакладнасць у мэтавай аўдыторыі – не толькі праца на тых, каго тэмы заняткаў закранаюць наўпрост, але і выхад на цэлую інфраструктуру патэнцыйных камерцыйных партнёраў заняткаў: крам дзіцячых тавараў, гульняў і інш.

в) адпаведнай рэкламы: у дзіцячых садках – з партнёрскай дапамогай па ўзгадненні ад універсітэта ці новай пляцоўкі, мясцовай раённай адміністрацыі горада.

Святлана Чакушка, каардынатар вельмі падобнага праекта з Віцебска – “Забаўлянкі для Янкі” – параіла далучаць іх праз вясёлыя майстар-класы па традыцыйных рамёствах і вялікія традыцыйныя святы.

Інтэрактыўныя адукацыйныя сустрэчы “Бацькі. BY”, Вольга Крусь

Праект “Гісторыя Берасця для чайнікаў” мае мэту развіць у берасцейцаў цікавасць да мінулага і сучаснасці, а таксама зрабіць гістарычны музей зразумелай і цікавай прасторай для моладзі. Плануецца цягам года правесці 10 інтэрактыўных заняткаў у музеі і 2 выезды ў гістарычныя мясціны Берасцейшчыны. Скончыць праект плануецца гістарычнай гульнёй на арыентаванне па Берасці.

Для праекта шукаюцца сродкі на падарункі, запрашэнне экспертаў і выязныя экскурсіі. Зала ж ізноў раіла вырашаць пытанні праз эфектыўныя партнёрствы: выезды трэба рабіць самаакупляльнымі, аўтобусы з кіроўцамі па замове – нескладаная ў афармленні і па выдатках рэч. Памятаючы парады нашых экспертаў у бібліятэчнай справе Вольгі Воўк і Вікторыі Хоміч, нагадаем, што арганізатары гарадской гульні “Адрыў” гатовыя да супрацы ў тэматычных гульнях і зробяць усё найлепшым чынам. Шляхетны баль можна зладзіць супольна з дасведчанымі ўжо каардынатарамі праекта “Эпоха князя Міхала Клеафаса”. Прагучала і класічная парада: не рабіць экскурсіі бескаштоўнымі, паколькі гэта дрэнна ўплывае на матывацыю ўдзельнікаў. За добрыя паслугі заўсёды заплацяць!

“Гісторыя Берасця для чайнікаў”, Кацярына Лютыч

Стрытарт-праект у гонар абаронцаў Брэсцкай крэпасці прапанаваў мастак Ілля Нікіцюк. Эскіз спадара Іллі зале прыйшоўся даспадобы, звярнулі ўвагу на цэльнасць зместу: гераічнасць пасылу ў тэксце слогана мусіць быць адлюстраваная і выявай: пакуль жа разбураная крэпасць грае на неадназначнае ўспрыманне.

Аўтару далі некалькі спраўных парадаў па тым, да каго з гарадской адміністрацыі звяртацца ў першую чаргу для ўзгаднення праекта, а таксама дзе шукаць партнёраў і спонсараў: “Падчас рэалізацыі падобнага праекта ў Магілёве, “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, мастакі атрымалі дапамогу ад  Caparol – фірмы, якая займаецца вырабам лакаў і фарбаў, – згадала Кацярына Раманчык, рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма!”. Звяртацца па такое неграшовае спонсарства – добры і абсалютна лагічны варыянт для падобных  праектаў”. Галоўная рызыка задумы Іллі – гэта час: да святкавання 70-годдзя перамогі ў ВАВ засталося некалькі тыдняў, а гэта вельмі мала на бюракратычныя працэдуры.

Праект графіці “Брэсцкая крэпасць-герой”. Аўтар: Ілля Нікіцюк

Аб’ектыўна асвятляць усе культурніцкія і грамадскія навіны Берасця і рэгіёна вучаць маладых журналістаў аўтары праекта “Клуб універсальных журналістаў” – Наталля Гарайкіна і Максім Хлябец. 6 практыкуючых берасцейскіх журналістаў абіраюць 10 выпускнікоў школ і студэнтаў першых курсаў і праводзяць з імі семінары, майстар-класы і трэнінгі. Акрамя гэтага аўтары плануюць стварыць уласны інфармацыйны рэсурс, які будуць напаўняць навучэнцы і выкладчыкі іх “Клуба”. І навучанне, і праца журналістаў згодна з праектам – бясплатныя. Прысутныя выказалі падазрэнне ў тым, што “запалу” працаваць бясплатна хопіць не надоўга, але і адназначна выказалася “за” існаванне такога сайта ў Берасці. Амбіцыйную ідэю варта абмеркаваць і з юрыстам, каб разумець дазволеныя магчымасці развіцця такога інфармацыйнага рэсурсу.

Аб’яднаць берасцейскія музычныя гурты і паказаць іх жыхарам Берасця хочуць аўтары праекта “ЁгуртДзмітрый Босак і Марта Мартынюк. Сутнасць “Ёгурта” Дзмітрый акрэсліў так:

“Мы здымаем відэа, на якім берасцейскія музыкі граюць у цікавых кутках Берасця. Гэтыя відэа публікуем у суполках ў інтэрнэце. І дзеля пашырэння аўдыторыі дасведчаных у гарадской культуры ўлетку мы робім шэраг канцэртаў з гэтымі ж гуртамі у публічным месцы на адкрытым паветры (напрыклад, на вуліцы Савецкай).”

Падчас абмеркавання аўтарам спрабавалі давесці, што цікавы і прыгожы відэаролік, які захочацца “перапосціць” музыкам і іх прыхільнікам, патрабуе неверагодна шмат сродкаў альбо выбітнага крэатыву. І прышлі да высновы, што рабіць стаўку на якаснае відэа аўтарам праекта не варта, а лепей сканцэнтравацца на “жывых” выступах у цэнтры Берасця (тым не менш, знятых на відэа).

Сама ж ідэя – вельмі важная і паспрыяе кансалідацыі прадстаўнікоў музычнай сферы горада, і на гэта варта звяртаць увагу падчас арганізацыі і ўзгаднення канцэртаў з адміністрацыяй горада (асабліва ў год акцыі “Брэст – культурная сталіца”). Запрашаць да ўдзелу можна не толькі берасцейскіх музыкаў, але і ў іншых гарадоў, якія прыязджаюць у Брэст з выступамі. Наш завочны кансультант Сяргей Будкін падкрэсліў, што такі “рэспект гораду Брэсту” ад, напрыклад, мінчука Памідорава, гарадзенца Дзянісава ці віцебскага рэпера ЛСП будзе граць на добры розгалас праекта.

Музычна-візуальны праект “Ёгурт”.  Аўтары: Дзмітрый Босак і Марта Мартынюк

Акрамя канструктыўнай крытыкі і карысных парадаў усе аўтары праектаў атрымалі ад залі адзнакі па трох крытэрах: “Актуальнасць”, “Важнасць для мэтавых груп” і “Магчымасць рэалізацыі”.

№ пп Назва праекта Актуальнасць і унікальнасць ідэі Важнасць для мэтавых груп Магчымасць рэалізацыі Агульная адзнака
1 “Бацькі. BY”, Вольга Крусь 6,92 7,42 8,75 7,69
2 “Гісторыя Берасця для чайнікаў”, Кацярына Лютыч 6,92 7,75 8,67 7,78
3 Клуб універсальных журналістаў”, Наталля Гарайкіна, Максім Хлябец 4,60 6,50 7,40 6,17
4 “Брэсцкая крэпасць-герой”, мастак Ілля Нікіцюк 5,50 6,70 6,20 6,13
5 “Ёгурт”, Дзмітрый Босак і Марта Мартынюк 7,20 8,30 5,30 6,93

Аўтары пяці прадстаўленых ідэй гатовыя да канструктыўнай крытыкі, дапрацоўкі, супрацы і пашырэння колу кантактаў. Вельмі спадзяемся, што колькасць такіх людзей будзе расці, а актыўнасці, якія яшчэ распачнуцца ў горадзе гэтай вясной па развіцці валанцёрскага руху, падбадзёраць культурную сталіцу Беларусі-2015.

Выказвайце свае думкі і вы, дапамагайце ўдасканаліць і рэалізаваць задумы, будзьце актыўнымі! Маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце “Кірмашу праектаў” у сваім горадзе? Пішыце на razam@budzma.org! Толькі разам у нас атрымаецца насыціць культурніцкае жыццё важнымі, захапляльнымі і незабыўнымі праектамі і падзеямі!

Будзьма разам!

Тэкст — Лізавета Неўмяржыцкая

Фота — Зарына Кандрацьева


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика