Мы ехалі з чарговым “Кірмашом праектаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” (а іх было ўжо шмат), але я хвалявалася. Хваляванне перад мерапрыемствам — рэч натуральная, праўда, гэтым разам прычына была ў іншым: наперадзе быў мой родны Браслаў, які даў старт мне, майму самавызначэнню і які, праз маю няўвагу да яго ў апошнія гады, памятае мяне школьніцай ці, прасцей кажучы, нікім. А тут едзем мы, людзі з Мінска, грамадская культурніцкая кампанія, і ўсё гэта — каб разварушыць мясцовую актыўнасць у сферы культуры.
“Кірмаш праектаў” з прэзентацыі загадзя сабраных грамадскіх ідэй для паляпшэння мясцовай культуры ператварыўся ў творчую вандроўную лабараторыю — генеравання грамадствам “у рэжыме рэальнага часу” прапановаў, што і як трэба паляпшаць у горадзе. Гэты фармат супольнай працы заснаваны на прынцыпах і логіцы “world café”, ужо сусветна вядомых і папулярных грамадскіх мазгавых штурмаў. А для нас пакуль — эксперымент, і нагодай для яго стала якраз нізкая гатоўнасць прапанаваць сваю ідэю ад жыхароў рэгіёнаў, найперш раённых цэнтраў. І мы вырашылі генераваць іх супольна.
Для Браслава мы абралі асаблівы ракурс і паспрабавалі вывесці на прапрацоўку ўсімі зацікаўленымі бакамі ўплыў культурніцкай актыўнасці горада на развіццё яго турыстычнай сферы. Бо тут калі не праблема, то нешта не так: па даходзе на душу насельніцтва горад стабільна займае апошняе месца ў і без таго не самай багатай у рэспубліцы Віцебскай вобласці. І гэта — турыстычная “разынка”, рэгіён, які прываблівае і беларусаў, і гасцей прынамсі з краін бліжняга замежжа, дзе акрамя сваіх азёраў і лясоў ёсць яшчэ і мора. Сам жа турызм мясцовымі разглядаецца як камбінацыя “пляж-баня”, для тых, хто прагне спорту, — некалькі маршрутаў для паходаў, для шукальнікаў элітарнасці — спартовае паляванне. У любым выпадку навідавоку найперш выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Ці ёсць праблемы з падзеямі, якімі можна разнастаіць адпачынак наведнікаў (і жыхароў) рэгіёна? Якімі пераўтварэннямі ў гарадской прасторы можна адлюстраваць культурную адметнасць Браслава? Якія творчыя/культурніцкія бізнесы неабходныя гораду — вось пытанні, якія мы з Уладзімірам Булаўскім, каардынатарам кампаніі “Будзьма!” па Віцебскім рэгіёне, рыхтаваліся абмеркаваць.
Але здарылася прадказальнае: усё пайшло не па плане.
Пайшло лепш, чым мы думалі, хоць зразумелі гэта не адразу. Упершыню ў нашых мерапрыемствах, на якіх мы закранаем тэму якасці мясцовага культурніцкага жыцця, удзельнічалі ўлады горада. І ўдзельнічалі не ў якасці журы, як гэта было ў Віцебску, і не ў якасці арганізацыйных партнёраў, як у Магілёве (у абодвух выпадках супраца дала старт рэалізацыі некалькіх грамадскіх праектаў). А ў якасці суразмоўцаў, калі гаворка зайшла пра праблемы ў культурніцкім жыцці аднаго з самых значных турыстычных напрамкаў краіны. На сустрэчы прысутнічалі загадчыца аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Наталля Спірыдонава, яе намесніца Ірына Мацук і спецыяліст аддзела Алена Котава.
Частка 1. Не любоў! Не любоў!
Спадарыні і агучылі першую ж праблему ў культурніцкім жыцці Браслава і Браслаўшчыны: безыніцыятыўнасць, абыякавасць саміх людзей да роднага горада, родных вёсак. Літаральна —нелюбоў. Згадаліся прыклады безвыніковых заклікаў ад мясцовай улады да грамадскасці далучыцца да сумеснай працы над некалькімі культурніцкімі ініцыятывамі: нуль рэакцыі. Нікому нічога не трэба.
Цікавіла рэакцыя грамадскасці, асабліва моладзі, якой па колькасці было столькі ж, колькі людзей больш сталых па ўзросце ці статусе. Малады чалавек Андрэй быў адзіны, хто агучыў думку: заклікі да ўдзелу ў культурніцкіх акцыях ад улады ўспрымаюцца як прымус.
Нам, мадэратарам, нарэшце быў кінуты выклік звесці ў агульную карціну ўяўленне ўлады і ўяўленне грамадскасці аб тым, хто ўплывае і хто мусіць уплываць на самыя розныя, у тым ліку культурніцкія, працэсы ў мясцовым грамадскім жыцці. Ці варта было тут казаць пра неабходнасць развіцця грамадзянскай супольнасці, пра карані дыстанцыі паміж уладай і народам, пра аднабаковасць гэтых стасункаў? Пра той жа інстытут самакіравання, які, пры ўсёй сваёй легітымнасці, у рэспубліцы прадстаўлены хутчэй як выключэнне з правіла? Не хацелася сустрэць няёмкасць у вачах, крывыя ўсмешкі, шматзначныя пакашліванні. Таму ў выніку спыніліся на двухбаковым пытанні з ценем папроку: “Ну няўжо вы не разумееце?” Самым каштоўным у сітуацыі было тое, што яна выкрыла агульныя памкненні адміністрацыі горада і гараджан змяняць культурніцкую сітуацыю да лепшага, знайсці магчымасці для дыялогу. Дзе і кім бы мы ні працавалі, мы хочам жыць добра, але з пэўных забытых прычынаў бачым адно ў адным не спадарожнікаў на гэтым шляху, а перашкоды.
З чаго можа вырасці любоў сучаснага (лагічны націск) беларуса (лагічны націск) да сваёй малой радзімы, ці месца, якое ён абраў для сталага жыхарства? Гучалі адказы: з ведання гісторыі свайго краю, традыцый, знакамітых асоб, паданняў. І тут нібыта ўсё лагічна склалася: не ведаюць 9 з 10 звычайных сучасных браслаўчан гісторыі свайго краю! Як не ведаюць, што і дзе адбываецца ў горадзе цяпер. Таму не любяць, а проста жывуць тут. Але давайце не будзем хлусіць самі сабе: не адзінай гісторыяй! Чаго вартая любоў да роднага краю без адчування чалавекам уласнага дачынення да таго, што дзеецца тут і цяпер? Мы займаемся найперш тым, што рэальна (ці як нам падаецца) знаходзіцца ў сферы нашага ўплыву, на нашай тэрыторыі. Звычайна гэта дом або кватэра, двор ці вуліца. А далей — агульнае. Дзяржаўнае (і таму дзяржава ўсім вінная) ці нічыё (усеагульная млявасць і абыякавасць) — каму як больш падабаецца.
Прадзіраючыся да канструктыву ў спосабах прызвычаіць грамадскасць (і найперш моладзь) да культурніцкай актыўнасці, мы вылучылі наступнае:
1) Камунікацыйныя прасторы на базе наяўных установаў культуры (спробы ўжо рабіліся аб’яднаннем музеяў у горадзе): клубы, лабараторыі, інкубатары творчых праектаў. Месцы і сустрэчы, на якіх можна разам здзейсніць цікавыя задумы, а для пачаткоўцаў — яшчэ і натхніцца поспехам аднадумцаў. Важна, каб сустрэчы ладзіліся ўжывую і рэгулярна, а анлайн-суполкі тут могуць толькі дапоўніць усю актыўнасць.
2) Адукацыя, куратарская падтрымка. Курс сусветнай мастацкай культуры ў школьную праграму мы вернем не так хутка, а спецыялісты-мастацтвазнаўцы і культурніцкія менеджары Браслаў абмінаюць ці не затрымліваюцца ў ім надоўга. Тым не менш патрэба ў дадатковых ведах у сферы культуры, пра яе мастацкі, эстэтычны змест, а таксама практычныя навыкі працы над культурніцкім праектам ёсць! А таксама ёсць (ці абавязкова знойдуцца) людзі, якія могуць гэтыя веды даць. Вызначае поспех форма падачы інфармацыі. У нашыя часы сусветнага крызісу сістэмы адукацыі як такой ужо ёсць рашэнні, варта згадаць хаця б безліч асветна-забаўляльных мерапрыемстваў у Беларусі і суседніх краінах.
3) Тут жа — школы лідарства: як ні банальна, здольнасці вырашаць задачы ў зоне свайго ўплыву трэба вучыцца, і лепш, калі гэта будзе арганізаваны працэс. Мой асабісты досвед сцвярджае: у Браславе з яго 10 тысячамі жыхароў вельмі шмат людзей разумных, апантаных сваёй працай, з пазітыўным і доўгім паслужным спісам па правядзенні культурніцкіх, асветніцкіх або спартовых мерапрыемствах. Чаму б ім не вучыць адно аднаго, падлеткаў і моладзь, свайму досведу, як гэта адбываецца, скажам, у Віцебску ў супольнасці вакол vitebsk4me?
Частка 2. “Па тэме”:
1) Відавочнае неверагоднае: у Браславе дагэтуль не існуе турыстычнага інфацэнтра — але ён з’явіцца ўжо ў наступным годзе! Сама інфармацыя пра турыстычныя цікавосткі раёна, канечне, ёсць і на афіцыйнай старонцы Нацыянальнага парку, і ў мясцовых анлайн-СМІ, і ў сетках аграсядзіб. Ёсць праблемы з самай элементарнай інфармацыяй: дзе ў горадзе можна паесці, напрыклад.
2) У апошнія гады з’яўляюцца нагоды казаць пра зрухі ў падзейным турызме: тут ладзіцца ажно тры фестывалі: “Viva Braslav!”, “Жывое Неба Браслава”, і найстарэйшы — “Браслаўскія зарніцы”. Меншых па маштабе мерапрыемстваў для сваіх і чужых тут ладзіцца вельмі шмат і на самы розны густ, асабліва ўлетку (дзякуй згуртаванню моладзі вакол інфарэсурса braslaw.by!). Паводле выказванняў удзельнікаў “Кірмашу”, арганізатарам як буйных, так і маленькіх падзей варта больш уважліва ставіцца да анансавання, прасоўвання, пазіцыянавання сваёй падзеі. Самая маштабная культурніцкая падзея — міжнародны фестываль “Браслаўскія зарніцы” — у гэтым годзе адбыўся ўжо 47 раз, але хто ведае пра фестываль па-за межамі раёна (акрамя ўдзельнікаў, вядома)?
3) Мясцовы культурніцка-турыстычны бізнес пакутуе ад галоўнай праблемы — сезоннасці. Браслаўскія азёры ўзімку нікому, акрамя мастакоў і рамантыкаў, не патрэбныя, таму ствараць бізнес максімум на траціну года — перспектыва сумнеўная. Якое напаўненне надаць магчымым пляцоўкам для адпачынку, калі такія з’явяцца? Якія турыстычныя паслугі могуць быць актуальнымі ў халодныя сезоны? Пытанне для новых грамадскіх абмеркаванняў і поле для крэатыву .
Кожны акрэслены пункт варты (патрабуе!) далейшага абмеркавання, над чым супольна і працягнем працаваць.
***
“Кірмаш праектаў”, як і любая дыскусійная падзея кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мае на мэце высветліць кола пытанняў, якія абмяркоўваць і вырашаць трэба талакой. І вельмі важна, што кожны здольны паўдзельнічаць у пазітыўных зменах, кожны патрэбны, кожнае меркаванне значнае. Культура як сфера не павінная кансервавацца, замыкацца толькі на мастацтве. Чым больш міждысцыплінарных практык будзе ўводзіцца, тым хутчэй мы зразумеем, на што мы здольныя разам і наколькі важна асэнсоўваць сваё дзеянне ці бяздзеянне ў новай перспектыве: чыйгосьці дзяцінства (а значыць, і пакалення), дабрабыту свайго горада, а можа, і самаадчування ўсёй краіны! Любіць сваё трэба з адказнасцю за гэтае сваё!
Мы шчыра дзякуем прадстаўніцам гарадской адміністрацыі горада Браслава за прысутнасць, удзел і заўвагі нам! Шчыра спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва!
Тэкст — Кацярына Раманчык, рэгіянальны каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!”
Фота — Зарына Кандрацьева