01.12.2016 | Абмяркоўваем культуру Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

Як пераехаць у вёску і не стаць даўншыфтарам? У Гомелі ведаюць адказ

Пакуль уся краіна назірае выміранне беларускай вёскі, у Гомелі знайшлі спосаб пераехаць далей ад горада — і не адарвацца ад жыцця, а апынуцца ў цэнтры падзеяў. Няўжо “гарадскія” распачалі сапраўдную праграму адраджэння сяла? Новы феномен абмяркоўвалі на сустрэчы 30 лістапада.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/6529.jpg

30 лістапада ў Гомелі адбылася сустрэча, арганізаваная грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання “Сімпа”, прысвечаная тэме “Эка-турызм: як адрадзіць палескую вёску”. Спікерамі былі эколаг Зміцер Янкоў, журналістка Юлія Сівец і Раман Хлебін, метадыст Гомельскага эколага-біялагічнага цэнтра.

 

“ШТО ТЫ РОБІШ НА САМОЦЕ У ВЁСЦЫ?”

Зміцер Янкоў, адзін з галоўных герояў сустрэчы, пераехаў у вёску з адыёзнай назвай Чырвоны Кастрычнік яшчэ ў 2009 годзе. Ягоны досвед і стаў цэнтральнай тэмай дыскусіі.

Калі Зміцер Янкоў з аднадумцам Кірылам Краўцовым абвясцілі ў сельсавеце пра намер набыць хаты ў Чырвоным Кастрычніку, у сельсавета ўзнікла праблема: на Чырвоным Кастрычніку ўжо стаяў вялікі крыж. Створаная ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя, вёска стаяла апусцелай, закінутай і пазбаўленай электрычнасці. А новыя жыхары літаральна выратавалі яе ад прымусовага разбурэння.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/6559.jpg

Гісторыя Чырвонага Кастрычніка магла б стаць адной з дзясяткаў гісторый вёсак, у якія пераехалі жыхары горада і ператварыліся ў вяскоўцаў, калі б там пасяліліся не Янкоў з Краўцовым. Фестываль “Чароўны Кастрычнік” збірае каля двух соцень наведнікаў. Школьнікі прыязджаюць з адукацыйнымі экскурсіямі і збіраннем матэрыялаў для навуковых прац, мастакі — на пленэры, бёрдвочэры —назіраць за птушкамі, а паляўнічыя — на фотапаляванні.

Гэта прыблізны няпоўны пералік толькі таго, што зроблена, бо ў планах — на парадак больш. І найчасцей ва ўдзельнікаў узнікала пытанне: як можна разгарнуць такую маштабную заўважную дзейнасць, каб табе не перашкодзілі мясцовыя ўлады?

 

ШТО РАБІЦЬ, КАБ НЕ ВЫГАНЯЛІ З СЕЛЬСАВЕТАЎ І ВЫКАНКАМАЎ?

Для выбудовы складаных дачыненняў з сельсаветамі Янкоў мае пакрокавую інструкцыю:

— Найперш дайце зразумець мясцовым уладам, што вы ад іх нічога не патрабуеце, нічога не хочаце і лішняй працы ім не ствараеце: хай яны расслабяцца і перастануць вас баяцца, хай не бачаць у вас крыніцу праблемаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/6524.jpg

А далей Янкоў раіць рабіць усю працу самастойна: стварыць падрабязны алгарытм дзеянняў, дзе выкананне ўсёй працы бярэ на сябе аўтар ідэі, а ўладнаму органу застаецца толькі паставіць подпіс. Аб вылучэнні бюджэтных грошай гаворкі лепш не заводзіць і шукаць фінансаванне праектаў самастойна. Мяркуючы па актыўным жыцці ў Чырвоным Кастрычніку, такая схема супрацы дае плён.

Каб праца з органамі ўлады была эфектыўнай, трэба знайсці сферу, у якой сельсавет і выканкам гатовыя дзейнічаць. І такая сфера — экалогія. У прасоўванні праектаў, звязаных з навакольным асяроддзем, у прыватнасці эка-турызме, зацікаўленыя ўсе бакі.

І прадстаўніком аднаго з такіх бакоў на сустрэчы быў Раман Хлебін, метадыст Гомельскага эколага-біялагічнага цэнтра — установы ў структуры адукацыі, у якую ператварылася ў выніку рэструктурызацый станцыя юных натуралістаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/6564.jpg

 

ЯКІЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎСТАНОВЫ ГАТОВЫЯ СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ З ЭКА-АКТЫВІСТАМІ?

З эка-турызмам і асабіста Янковым Рамана Хлебіна яднае тое, што менавіта дзякуючы цэнтру ў Чырвоны Кастрычнік прыязджаюць школьнікі: аддзел адукацыі звярнуўся ў эколага-біялагічную ўстанову, і эколагі прапанавалі гатовае рашэнне: паездку ў вёску Янкова, каб менавіта там школьнікі рабілі даследаванні.

— Чаму вы адправілі школьнікаў менавіта ў Чырвоны Кастрычнік? Чым вёска Янкова лепшая за іншыя аграсядзібы? — спыталі з залі.

— А іншыя аграсядзібы да нас проста не звярталіся з прапановай супрацы, — патлумачыў Раман Хлебін.

Эколага-біялагічны цэнтр гатовы супрацоўнічаць не толькі з аграсядзібамі і эка-хутарамі: яны адкрытыя і для недзяржаўных арганізацый. Напрыклад, сёння існуе — але пакуль як ідэя — праект даўжэзнай эка-сцяжыны, якая б прайшла праз усё Палессе.

Раман прызнаў, што стварэнне агульнапалескай эка-сцежкі не выцягне адна дзяржаўная ўстанова: трэба, каб далучаліся і бізнесоўцы, і недзяржаўныя арганізацыі, і грамадскія актывісты з валанцёрамі.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/6510.jpg

 

КАБ БІЗНЕС НЕ ЗАБІЎ ТРАДЫЦЫІ

Як толькі гаворка заходзіць аб супрацоўніцтве бізнесу, дзяржавы і недзяржаўных арганізацый, праяўляюцца і канфлікты інтарэсаў, і непаразуменні: у кожнага — свой погляд на шлях  вяртання жыцця  ў вёску і на тое, як новая вёска мусіць выглядаць.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/6540.jpg

Журналістка Юлія Сівец, якая пабывала ў самых аддаленых і глухіх кутках Гомельшчыны, намагалася прыцягнуць увагу прысутных да мясцовага феномену: калі ў сталіцы прынята ўважаць Гомель за “зрусіфікаваны рэгіён”, то рэальнасць адкрывае перад намі велізарную колькасць вёсак на Гомельшчыне, дзе захаваліся і беларуская мова, і абрады (пахаванне стралы, жаніцьба коміна), і — галоўнае — беларуская ідэнтычнасць.

Ці задумваецеся вы, калі адпраўляеце школьнікаў у вёску, ствараеце эка-сцежкі, над тым, што варта кожны раз калі не падкрэсліваць беларускасць вёскі, то прынамсі рабіць гэта на беларускай мове? — з такімі пытаннямі Юлія Сівец неаднаразова звярталася да Рамана Хлебіна.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/1402.jpg

Што тычыцца бізнесу, то той наогул мае спецыфічны погляд на эка-турызм. У разуменні шмат якіх уладальнікаў аграсядзібаў эка-турызм — гэта карпаратыў за горадам у лазні, катанне на квадрацыклах па балотах і гонкі на маторках па Дняпры — часта на тэрыторыі прыродных заказнікаў.

Тэма вяртання ў вёску аказалася такой запатрабаванай, што сутыкнула на сустрэчы прыхільнікаў зусім розных падыходаў, якія звычайна дзейнічаюць паасобку. На дыскусіі былі не толькі спрэчкі, але і канструктыў: у шэрагу іншых прагучала ідэя стварэння скансэна (музея архітэктуры), прапанаваная выкладчыкам і навукоўцам Яўгенам Малікавым, які прыцягнуў бы ў вёску і даследчыкаў, і турыстаў. Абмеркаванні практычных аспектаў прапанаваных праектаў часам ператвараліся ў настолькі падрабязныя, што мадэратару Андрэю Стрыжаку даводзілася іх перарываць.

http://budzma.by/wp-content/gallery/eko/6644.jpg

Сустрэча выявіла велізарную цікаўнасць гамяльчанаў да адраджэння вёскі і гатоўнасць працаваць у гэтым кірунку, бо сфера фактычна не занятая нікім, а дзяржава не ладзіць перашкодаў. Спрачаліся адно аб формах і метадах дзейнасці.

Але ні ў каго не знайшлося пярэчанняў галоўнаму тэзісу Змітра Янкова, які ён агучыў на пачатку і паўтарыў напрыканцы сустрэчы: вёску адродзяць гарадскія жыхары, якія вярнуцца туды з новымі ведамі, тэхналогіямі і кваліфікацыяй; з новымі патрабаваннямі да камфорту (іх не задаволіць размытая па вясне дарога, аўталаўка раз на тыдзень і прыбіральня ў двары), з жаданнем зарабляць і ствараць працоўныя месцы. І ў той самы час, новыя жыхары вёскі  прыедуць у яе з разуменнем каштоўнасці хат пад саламянымі дахамі, разьбяных ліштваў, вышытых ручнікоў і беларускай мовы — рэчаў, якія кадыфікуюць нашую ўнікальную культуру.

Кожны, хто зацікавіўся тэмай адраджэння вёскі на Гомельшчыне ці па ўсёй Беларусі і хацеў бы даведацца болей ці далучыцца да працэсаў, можа звярнуцца да каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Гомелі Яўгеніі Стрыжак. У яе вы знойдзеце каардынаты ўсіх удзельнікаў сустрэчы.

 

А як у суседзяў?

 

 

Югася Каляда, фота Зарыны Кандрацьевай

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика