Андрэй Хадановіч выступіў у мінскай школе №161
14 красавіка Андрэй Хадановіч наведаў мінскую школу №161, дзе сустрэўся з навучэнцамі другіх, трэціх і чацвёртых класаў. Аўтар расказваў гісторыю стварэння сваёй кніжкі “Нататкі таткі”, тлумачыў, як зрабіўся “дзіцячым” паэтам і чым такі паэт адрозніваецца ад “дарослага”, адказваў на пытанні прысутных, задаваў ім свае пытанні і, вядома ж, чытаў вершы з кнігі, а таксама спяваў песні. Слухачы прымалі госця цёпла і эмацыйна. Заля была вялікая, а публіка – удзячная, і рэагавала на вершы з песнямі шумна й непасрэдна, таму сваімі ўражаннямі госць дзяліўся ўжо ахраплым голасам, але застаўся задаволены сустрэчай. Андрэй падараваў школьнай бібліятэцы некалькі кніжных выданняў, а таксама ўручыў слухачам прызы ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбывалася сустрэча.