27 лістапада ў Вілейцы падбылася арт-імпрэза «КінаВілейка», прысвечаная 135-годдзю са дня народзінаў фатографа Беркі Бермана. Арганізатарам мерапрыемства выступіла гісторыка-краязнаўчая ініцыятыва «Волат» пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Па словах ініцыятара імпрэзы Паўла Хаванскага, «Берка Берман – наш выбітны зямляк, адзін з першых фатографаў горада. Яго ведала ўся даваенная Вілейка. Ён таленавіта рабіў фотапартрэты, вясельныя і дзяцячыя здымкі, таксама на яго фота можна пабачыць значныя падзеі гарадскога жыцця. У гэтым годзе споўнілася 135 гадоў з дня яго нараджэння, і ў гонар гэтай даты мы вырашылі зладзіць у горадзе «КінаВілейку» з фотавыставай».
Наведвальнікі імпрэзы таксама змаглі пабачыць фільм знакамітага кінарэжысёра Альфрэда Хічкока «Ледзі знікае» з беларускімі субтытрамі, перад пачаткам якога выступіў вядомы беларускі кінакрытык і культуролаг Максім Жбанкоў. Атрымаўся файны і цёплы кінапрагляд , цікавая лекцыя пра творчасць Альфрэда Хічкока, змястоўная прэзентацыя фотаздымкаў вілейскага фатографа першый паловы XX-га стагоддзя Беркі Бермана.
Напрыканцы ўсіх чакала кава, пачастункі і падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» .
Па матэрыялах kraj.by, vialejka.info