Гэтым разам кампанія “Будзьма беларусамі!” інтэгравалася ва ўнікальны мясцовы Фестываль кветак і высвятляла, чаго яшчэ не хапае маладым жыхарам Жалудка для адчування абсалютнага шчасця ў родным мястэчку.
16 жніўня ў Жалудку Шчучынскага раёна прайшоў чарговы Кірмаш ідэй ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Сёлета сёмы раз у маленькім заходнебеларускім мястэчку адбыўся Фестываль кветак. Падчас святочных выходных лідары мясцовых супольнасцяў даследавалі патрэбы мясцовых жахыроў. Нашая кампанія правяла адмысловы Кірмаш праектаў для старэйшых школьнікаў.
“Кожны з вас цяпер крыху стварае гісторыю!” – заахвоціла ўдзельнікаў кірмашу ідэй прадстаўніца кампаніі “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык. Сапраўды, мерапрыемства мела як ніколі важную мэту: выявіць патрэбы маладога пакалення і трансфармаваць праблемы ў мэты і праекты.
“Культура – гэта і добра паесці, і добра адпачыць, і нават ваш рынгтон на тэлефоне, бо культура паляпшае жыццё”, – заўважыў вядоўца Кірыл Шык і заахвоціў усіх разняволіць фантазію адносна асацыяцый са словам “культура”.
Першы этап – дзяленне на дзве каманды. “Жнівеньскія кветкі” аналізуюць матэрыяльную культуру: памяць, стыль жыцця. “Жалуды” – адпаведна, нематэрыяльную: інфраструктура, экалогія.
Прааналізаваць наяўны стан рэчаў вядоўцы прапанавалі незвычайным метадам “6 капелюшоў”, то бок прымераць настрой навукоўца, кіраўніка, мастака, аптыміста, крытыка і крэатыўшчыка.
Чаго ж хоча моладзь 1200-тысячнага пасёлка?
“Нашая кавярня “Заря” працуе невядома як. Мусіць быць адчыненая пазней за 17 гадзін. Музыка не падабаецца!” – упэўнена пачала прэзентацыю вынікаў груп удзельніца “Жнівеньскіх кветак”.
Не вельмі задавальняюць падлеткаў і дыскатэкі ў жалудоцкім Доме культуры. Патанчыць маладзёны ходзяць за 5 кіламетраў у суседнюю вёску – у так званы “Ашмянцы-club”. Сярод адзначаных плюсаў – тое, што туды і настаўнікі рэдка калі даязджаюць, каб пракантраляваць сваіх школьнікаў.
У Жалудку пустуе былая музычная школа. Праз тое, што дзяцей паменела, яе перанеслі. Будынак аказаўся безгаспадарным. Удзельнікі кірмашу прапанавалі запоўніць яго: крамкі, фітнэс-цэнтр, басейн з горкай, школа танцаў – ідэяў было шмат.
Мясцовыя дзеці і падлеткі наведваюць адзінокіх старых. Для іх моладзь нават робіць выступы самадзейнасці. Падчас абмеркавання высветлілася, што зусім няма грошай на падарункі, а было б добра пакідаць пасля сябе штосьці на памяць.
Што будзе далей з жаданнямі школьнікаў, шмат у чым залежыць ад дарослых. Многія з патрэбаў цалкам рэальна задаволіць ужо сёння. Для гэтага дастаткова толькі знайсці аднадумцаў.
Тэкст – Хрысціна Марчук
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч