Прэзентацыі новай кнігі беластоцкага гісторыка Алега Латышонка “Жаўнеры БНР” у межах кампаніі “Будзьма” ладзяцца гэтымі днямі ў Беларусі. На выходных аўтар выдання наведаў Менск, Магілёў і Віцебск.
У Магілёве прэзентацыя новай кнігі прафесара Алега Латышонка “Жаўнеры БНР” адбылася ў памяшканні прыватнага грамадскага цэнтру. На сустрэчу з аўтарам прыйшлі студэнты, гісторыкі, грамадскія актывісты. На пачатку прэзентацыі Алег Латышонак распавёў, як ён зацікавіўся гісторыяй збройнага змагання за беларускую дзяржаву. Усё пачалося з сям’і.
А. Латышонак: “Я беларус і быў выхаваны як беларус. Мой бацька вельмі любіў гісторыю, і безупынна ў нас дома пра гісторыю гаварылі. Таму тое, што я стаў гісторыкам, мною ўспрымаецца вельмі натуральна”.
Першая цікавасць да падзеяў, што адбываліся ў Беларусі, узнікла падчас студэнцтва ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Аднак у тамтэйшай ёмістай бібліятэцы будучы гісторык не змог знайсці ані слова пра беларусаў, якія са зброяй баранілі Бацькаўшчыну. Толькі на пачатку 80-х Алег Латышонак у падпольным распаўсюдзе натрапіў на кнігі, дзе неяк узгадвалася таямнічая група генерала Булак-Балаховіча. Урэшце колішні лідэр беларускіх студэнтаў у Польшчы Пятро Багроўскі прапанаваў напісаць кнігу пра генерала і сказаў: “Алег, хлопцам трэба героя”.
У выніку нарадзілася праца “Беларускія вайсковыя фармаванні ў 1917—1923 гадах”, якую аўтар у 1996 годзе абараніў як кандыдацкую дысертацыю ва ўніверсітэце ў Торуні. Цяпер жа гэтую працу можна прачытаць і па-беларуску ў кнізе “Жаўнеры БНР”. Рэшта выдання — артыкулы, прысвечаныя розным аспектам вайсковай дзейнасці сілаў, якія прапагандавалі беларускую нацыянальную ідэю ў апошнія гады Першай сусветнай вайны і аж да сярэдзіны 20-х гадоў. Акрамя таго, у кнізе змешчана грунтоўная біяграфія генерала Булак-Балаховіча. Асобныя публікацыі прысвечаны Алесю Гаруну, Герману Шыманюку-“Скамароху”, Веры Маслоўскай ды іншым дзеячам.
На думку галоўнага рэдактара часопіса “Arche” Валера Булгакава, кніга “Жаўнеры БНР” зацікавіць чытачоў таксама і тым, што закранае розныя аспекты беларускай дзяржаватворчасці. Так, адзін з артыкулаў прысвечаны дзяржаўнай сімволіцы Беларускай Народнай Рэспублікі.
На прэзентацыі Алег Латышонак анансаваў выхад сваёй наступнай кнігі, прысвечанай беларускай нацыянальнай ідэі. У Польшчы яна выйдзе пад назваю “Ад белых русінаў да беларусаў”. Якая будзе беларуская назва, пакуль яшчэ не вырашана. Магчыма, для кагосьці будзе дзіўна гучаць, прызнаецца аўтар, але з працы вынікае, што Магілёў — гэта сэрца Беларусі.
А. Латышонак: “Бо так выйшла з маіх даследаванняў. Я шукаў пачатак беларускай нацыянальнай ідэі і прыняў такі метад, што беларускае — толькі тое, што называецца беларускім. Калі называецца як літоўскае, крывіцкае ці неяк інакш, то гэта не беларускае. Назва “Белая Русь” у 13 стагоддзі з’яўляецца, але канкрэтна мацуецца напрыканцы 16 стагоддзя на Падняпроўі і Падзвінні ад Магілёва да Полацка. І якраз на гэтай тэрыторыі ў 16 стагоддзі найбольш вялікім вырас горад Полацк. Тут пачалася дзейнасць, якую можна назваць беларускай. У часе Маскоўскай вайны палкоўнік Паклонскі абвясціў сябе беларускім палкоўнікам і арганізаваў беларускі казацкі полк”.
Прэзентацыі ў Беларусі новай кнігі Алега Латышонка “Жаўнеры БНР” працягваюцца. У панядзелак аўтар зладзіць чарговую сустрэчу ў Менску, а ў аўторак наведае Горадню.
Андрэй Мікалаеў