23.12.2016 | Абмяркоўваем культуру Грамадства Навіны "Будзьма!" Разам да справы! У краіне

“Журналіст vs актывіст: як выгадна суіснаваць разам”

IMG_5349

Няпростыя ўзаемаадносіны журналістаў, НДА і грамадскіх актывістаў — што называецца, адзін з адвечных сюжэтаў беларускай рэчаіснасці. Журналісты часцяком не разумеюць, як актывісты могуць убачыць значную для СМІ тэму ў сваіх праектах, а актывісты ў сваю чаргу крыўдзяцца за недастатковую ўвагу з боку медыяў.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” накіравалася ў Гомель, каб разабрацца, ці могуць актывісты з журналістамі знайсці паразуменне, калі сабраць іх разам і даць слова.

“Адна з праблем нашай супольнасці палягае ў тым, што нас шмат, актыўных, але чамусьці мы працуем паасобку, — кажа каардынатар кампаніі “Будзьма” Марыя Шарый. — Задача нашага сённяшняга прэс-клуба — знайсці, як наладзіць дыялог паміж грамадскім сектарам і СМІ”.

“Сёння класічная схема СМІ — галоўны рэдактар, рэдактар, журналісты, гэткая класічная каманда — пачынае паступова знікаць, — кажа рэдактар партала CityDog Сяргей Сахараў, які паспеў за апошнія дваццаць гадоў пабыць і грамадскім актывістам, і пасупрацоўнічаць з НДА, а цяпер займаецца СМІ. — Рэч у тым, што цяпер мы маем прыклады таго, як ініцыятывы ствараюць СМІ, часопіс “Имена” — добры прыклад. Ці расійскія “Такие дела”. Добры прыклад — блогер Варламаў, пасты якога пра падарожжа ў той ці іншы горад (часам спрэчныя) абмяркоўваюцца на дзяржаўным узроўні”.

Па словах спадара Сахарава, сённяшні чытач (а гэта ў тым ліку людзі, якіх называюць крэатыўным класам) вельмі зацікаўлены чытаць пра актыўнасці неабыякавых людзей. Нехта зарабіў грошай і ўпрыгожыў пад’езд відамі Сан-Францыска? Раней такое было нецікава, цяпер жа для крэатыўнага класа гісторыя чалавека, які зарабіў на ІТ і паляпшае прастору вакол сябе, — выйгрышная тэма.

“Датычна грамадскіх актывістаў: цяпер трэба фармуляваць, чым вы адрозныя і класныя, рабіць гэта арыгінальна і нават нахрапіста, каб апынуцца на першай старонцы сайта, — кажа спадар Сяргей. — Таксама для таго, каб тэкст “стрэліў”, патрэбны экспертны погляд на праблему. Чытачу важна паказваць, як пачынаецца новы гарадскі феномен. Напрыклад, каб патлумачыць, чаму падземныя пераходы — гэта дрэнна, мы звярнуліся да ўрбаністаў, бо менавіта яны — эксперты ў гэтай галіне.

Мы ўсе супольна спрабуем надаць моду актывізму — незвычайныя вечарынкі, грошы з якіх ідуць у дзіцячыя інтэрнаты, тэма дабрачыннасці цяпер надзвычай папулярная сярод крэатыўнага класа”.

Галоўная праблема для СМІ? Не кожны матэрыял будзе звышчытаным. Ёсць класныя ініцыятывы, на тэксты пра якія людзі рэагуюць надзвычайна — сёлета такой стала тэма псіханеўралагічнага інтэрната.

Тэма мала таго што актуальная — людзям было вельмі цікава паглядзець, як жывуць людзі іншыя. Ці вось вельмі карыстаўся попытам тэкст пра калекцыю моднай вопраткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

IMG_5359

“Што ж трэба рабіць актывістам, каб “падабацца” медыям? Па-першае, ведаць пра інфармацыйную палітыку выдання, да якога вы звяртаецеся, — кажа спадар Сяргей. — Па-другое, умець літаральна “разжаваць” для медыяў свае ўнікальныя гандлёвыя прапановы. Ствараць вельмі ўцямныя рассылкі і рэлізы. Прапаноўваць незвычайных герояў і цікавыя гісторыі. Прапаноўваць сябе ў якасці эксперта. Прапаноўваць супольныя медыягенічныя праекты”.

“Мы з’явіліся восем гадоў таму і сталі гэткім мясцовым фэйсбукам, — расказвае Зміцер Новікаў, супрацоўнік гомельскага сайта “Моцныя навіны”, аднаго з найлепшых рэгіянальных СМІ краіны, суполка ў сацсетцы vk.com якога налічвае 92 тысячы падпісчыкаў, а штодзённая аўдыторыя — каля 40 тысяч наведнікаў. — Спачатку мы былі сайтам для грамадзянскіх ініцыятываў і мясцовага палітычнага жыцця, чаму і кажу пра фэйсбук, пасля сталі навінавым парталам.

У чым сакрэт нашай папулярнасці? Мы наступілі на горла ўласным інтарэсам. Асабіста я люблю пісаць пра культуру і, прыкладам, пра дыназаўраў, але гэтыя тэмы, мякка кажучы, не запатрабаваныя. Нас часам папракаюць, што празмерна шмат “чарнухі” на сайце, але калі яна не з’явіцца ў нас, яе пойдуць глядзець на іншы сайт. Што да ініцыятываў, то існуюць такія, што не цікавыя чытачу, але важныя самі па сабе. Мы ж робім выбар па колькасці патэнцыйных праглядаў”.

Па словах спадара Новікава, самае галоўнае для актывістаў — уявіць сябе на месцы нейтральнага чалавека, які не знаёмы з вашай кампаніяй, і зрабіць так, каб зацікавіць яго. Медыянагоду заўжды можна стварыць.

IMG_5381

“Была гісторыя, калі кампанія “Наш дом” пісала, што ў Гомелі не хапае грамадскіх прыбіральняў. Падрыхтавалі матэрыял з кучай фота. З прыбіральнямі як яны ёсць. Бывае, што здымкі амаль перадаюць пах. Тым не менш гэта вельмі зацікавіла чытача. Чым лепшы ваш прэс-рэліз, тым болей шанцаў, што СМІ на вас адрэагуюць. Любы івэнт ад НДА — зрабіце анонс, калі мы будзем мець магчымасць і зацікавімся, прышлём каго-небудзь. Ці зрабіць тэкст і дашліце нам”.

Ці не парушае гэта журналісцкія стандарты?

“На сёння мы не маем рэсурсу, каб не парушаць такія правілы, — кажа Зміцер. — Нам трэба кампенсаваць свае затраты на стварэнне кожнага матэрыялу”.

Аўдыторыя ўздымае пытанне беларускай мовы: чаму беларускамоўных матэрыялаў на абодвух сайтах, чые прадстаўнікі прысутнічаюць на прэс-клубе, так мала?

“На вялікі жаль, беларускамоўныя тэксты чытаюцца менш, — кажа спадар Новікаў. — Гэта статыстыка, а не беларусафобія”.

“Ёсць прыклад “Нашай Нівы”, але некарэктна параўноўваць нас з “НН”, — кажа спадар Сахараў. — Бо “НН” — гэта вельмі стары брэнд, з вялікай аўдыторыяй. Калі б “Наша Ніва” зараз пачала з нуля, параўнанне было б карэктным. Што, дарэчы, вельмі прыемна — прапановы ад бізнесоўцаў, камерцыйных кліентаў часцяком маюць пункт, што тэкст мусіць быць па-беларуску”.

Добры прыклад супрацы СМІ і актывістаў — тэксты гамельчука Ігара Случака, які заўзята змагаецца за беларускую мову і вядзе суполку “Справаводства па-беларуску”.

IMG_5412

“Да рознага даходзіла, — кажа спадар Ігар. — Мне нават прапаноўвалі вывучыць рускую мову”.

У асабістым актыве спадара Случака некалькі кейсаў, калі ненавіснікаў беларускай мовы прыцягвалі да адказнасці. Кожны раз менавіта спадар Ігар уздымаў хвалю, калі бачыў парушэнне заканадаўства.

“Я ўвесь час супрацоўнічаю з журналістамі, — кажа спадар Ігар. — Раблю пост у фэйсбуку, даношу інфармацыю да СМІ, ды і сам з задавальненнем дапамагаю СМІ. Мы шмат працавалі, напрыклад, з “Беларускай федэрацыяй футбола”, і цяпер гэта ледзь не самая беларускамоўная ўстанова ў краіне. Калі стваралі “Справаводства па-беларуску”, з першым кейсам нас падтрымалі БелаПАН і “Камсамольская праўда”. Дарэчы, суполка “Справаводства” вельмі пашырылася. Там можна знайсці і звароты, і людзей, якія нас падтрымліваюць — вялікі аб’ём інфармацыі”.

“Людзі, з якімі мы працуем, — нашы патэнцыйныя калегі, а неабавязкова толькі апаненты, — кажа каардынатар дыскусіі Андрэй Стрыжак. — З некаторымі, канечне, цяжка дамовіцца, але ўспрымаць іх як ворагаў таксама няправільна”.

“У нашай справе вельмі дапамагаюць сацыяльныя сеткі, — кажа спадар Ігар. — Дарэчы, цурацца некаторых з іх, як, прыкладам, “Аднакласнікаў”, таксама не варта. Там вельмі вялікая патэнцыйная аўдыторыя, галодная да навінаў, якая не чытае больш нічога. Трэба даваць ёй такую магчымасць.

Дык, урэшце, хто ў больш моцнай пазіцыі — журналіст альбо актывіст? Часам жа і НДА могуць адправіць журналіста хадзіць па коле, ад актывіста да актывіста, як па кабінетах выканкама. З іншага боку, ёсць і НДА, якім не патрэбнае асвятленне ў СМІ, і гэта нармальна.

“Для НДА вельмі важна стварыць якасны прэс-рэліз, падстрахавацца паблікамі ў сасцетках. Мерапрыемствам, якія на першы погляд падаюцца “сухімі”, надаць прыгожую абгортку, — падсумоўвае Андрэй Стрыжак. — Для журналістаў важна патлумачыць НДА, што камера — гэта не камера СІЗА, што гэта не балюча і нават карысна, але цікавяць іх не ўсе тэмы. На гэтым можна выбудаваць узаемавыгадныя стасункі”.

Мікалай Левертаў

Фота – Аляксандр Кісялёў

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика