Завяршыць Калядныя святы ў Дзіцячай школе мастацтваў г. Бяроза вырашылі музычна-паэтычнай імпрэзай, якая адбылася на наступны дзень пасля Вадахрышча. Ідэю выказала дырэктар школы мастацтваў Шуляк Ірына Рыгораўна, а падтрымала яе паэтка Валянціна Осіпава. І насамрэч, гэта так сімвалічна – сумясціць свята духоўнай паэзіі са святам Вадахрышча. Жывое паэтычнае Слова, як і жывая свяцоная вада, сілкуе чалавечую душу.
Калі баліць душа, ў самотны вечар
Даверьцеся паэзіі – сяброўцы цішыні.
Гармонія сугуччаў у апраўленні свечак
Растопіць згустак горычы ў мігаючым агні.
Акрыленыя строфы ствараюць свой Сусвет.
Надзейнае лякарства ад роспачы – санэт.
Пры музычнай падтрымцы выкладчыкаў школы мастацтваў рыфмаваныя радкі набывалі асаблівае, камернае гучанне. Інструментальны ансамбль “Рэнесанс” сваімі музычнымі замалёўкамі адразу настроіў слухачоў на высокі лад. Аматары музыкі і паэзіі з вялікай цікавасцю ўспрымалі і пранікнёныя вершы бярозаўскай паэткі, і музычныя рамансы ў выкананні выкладчыцы Ірыны Мальковай.
Тэма Духоўнасці кранае многія сэрцы, асабліва ў час “арктычнай рацыянальнасці”, якая ўсё больш выхалоджвае нашы душы. У сваю чаргу лірычныя творы далі магчымасць слухачам наладзіцца на рамантычную хвалю і на нейкі час пазбавіцца цяжару паўсядзенных клопатаў.
Валянціна Осіпава нагадала таксама аб важных культурніцкіх падзеях нашай краіны, у прыватнасці, пра акцыю “500- годнасць беларускага кнігадруку”.
Музычна- паэтычнае свята ў Бярозе, якое прайшло пры падтрымцы культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, з’явілася яшчэ адной спробай дастукацца да людскіх сэрцаў і падсілкаваць дух пранікненым паэтычным Словам і чароўнай музыкай. На памяць аб творчай сустрэчы і ўдзельнікі, і слухачы атрымалі прэзэнты ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.