28 красавіка паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Матафонава ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” наведалі з творчымі выступамі Магілёў. Першая сустрэча адбылася ў СШ №34, дзе з мінулага года існуе беларускамоўны клас, у якім навучаюцца… тры вучаніцы. “Гэта маленькія гераіні нашага часу. З адной з іх, Танечкай Турандзіной, я маю гонар быць знаёмым асабіста, яна вельмі любіць беларускую паэзію, чытае на памяць вершы Міхася Стральцова. Вядома, прыкра, што на ўвесь вялікі Магілёў усяго трое школьнікаў навучаюцца на роднай мове. Але – кропля камень точыць. Хацелася гэтым тром дзяўчынкам аддаць усе падарункі, што ў нас былі, усю сваю любоў”, – прызнаўся пасля сустрэчы М. Скобла. Спявачка Т. Матафонава расказала пра выдадзены ёю дыск “Галасы паэтаў”, праспявала песні на вершы паэтаў, якія вывучаюцца ў школьнай праграме.
Другая сустрэча прайшла ў Бібліятэцы імя Янкі Купалы і прысвячалася Міхасю Стральцову, чыё 80-годдзе адзначаецца сёлета. Была прэзентаваная кніга ўспамінаў пра паэта “Выгнаны патрыцый”, прысутныя паўдзельнічалі ў віктарыне на лепшае веданне жыцця і творчасці славутага земляка, а ў выкананні Т. Матафонавай прагучалі старыя беларускія рамансы і песні на вершы М. Багдановіча, У. Дубоўкі, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна – паэтаў “стральцоўскага кола”. Закончылася спатканне фінальнымі радкамі з класічнага стральцоўскага эсэ “Загадка Багдановіча”: “Паэта няма – ляціць яго “Пагоня” і квітнее яго несмяротны “Вянок”. Не старайцеся ўплятаць туды новыя кветкі: тыя, што там, ніколі не завянуць. Сплятайце свае вянкі. Не старайцеся адшчыкнуць хоць адзін лісток ад тых лаўраў: тыя лаўры, перш чым стаць імі, былі цернямі. Паглядзіце лепш наўкол сябе: красуе жыта, і красуюць у ім васількі. Жыве паэзія і вечна свеціць нам і вабіць сваёй загадкай”… На знак удзячнасці старшыня Магілёўскай абласной філіі ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў (арганізатар сустрэчаў) правёў для сталічных гасцей кароткую экскурсію па Мастацкім музеі імя П. Масленнікава, дзе іх асабліва ўразілі ўратаваныя рэстаўратарамі фрэскі з Бялыніцкага кляштара, а таксама галаграфічная выява Крыжа Еўфрасінні Полацкай.