Святочны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча адбыўся 20 ліпеня ў канцэртнай залі «Мінск». Чаму святочны? Таму, што гэтым канцэртам музыка працягнуў добрую традыцыю, згодна з якой які ўжо год 20 ліпеня, у свой дзень нараджэння, ён дае канцэрт у Мінску.
Гурт “Гуда”
Першымі павіншавалі Змітра ўдзельнікі гурта «Гуда». Яны заспявалі некалькі песняў і падаравалі пас ручной работы. Згодна з беларускімі вераваннямі пас сімвалізаваў жыццё і выконваў ролю абярогу. Да таго ж, лічылася, што калі адзін чалавек павяжа другому пас, то яны будуць звязаныя сувяззю на ўсё жыццё, апавяла адна з удзельніц «Гуды».
Наконт канцэртнай праграмы Зміцер Вайцюшкевіч адразу папярэдзіў, што асабліва не рыхтаваўся і паабяцаў шмат музычных нечаканак. Першай такой нечаканкай стала песня «Спі-засні, вулкан-анёлак» на вершы Арцёма Кавалеўскага. У хуткім часе павінен з’явіцца альбом, які будзе уключаць 21 песню на вершы гэтага аўтара. Па словах Змітра Вайцюшкевіча, гэта пазітыўныя песні для дзяцей і не толькі.
Яшчэ адным прыемным сюрпрызам стала песня «Эльсе» на верш Крыстафера Леандоэра, напісаная Змітром падчас Пятага з’езду беларусаў свету.
Праспяваўшы яшчэ некалькі песняў, Вайцюшкевіч запрасіў на сцэну гурт «Зімовая вайна з Тыбетам». Пасля выступлення гурта музыка заўважыў, што ў працяг буддыйскай тэмы нічога іншага не прыходзіць у галаву, акрамя блатняку, і зацягнуў «Ірку Ермалінскую».
Большасць песняў, выкананых падчас канцэрту, напісаныя на вершы Уладзіміра Някляева, які, дарэчы, прысутнічаў на канцэрце, так што Зміцер нават пажартаваў, што гэта не ягоны бенефіс, а бенефіс Някляева. Апошні ў канцы канцэрту павіншаваў са сцэны імянінніка і праспяваў сваю версію «Іркі Ермалінскай», чым сарваў бурныя апладысменты гледачоў.
Гурт “Босае сонца”
Акрамя вышэйназваных павіншаваць Змітра прыйшлі пісьменнік Уладзімір Арлоў, бард Алесь Камоцкі, бізнэсмэн Зміцер Папоў, гурт «Босае сонца», Ксенія Мінчанка і кампанія. Уладзімір Арлоў заявіў, што хацеў бы, каб Зміцер Вайцюшкевіч калі-небудзь напісаў песню на ягоныя вершы. Менавіта з гэтай прычыны ён і стаў пісаць у рыфму. «Зміцер гаворыць, што ў маіх вершах шмат нехарошых словаў, на такія вершы песні не пішуцца, таму я цяпер стараюся пісаць вершы, дзе было б меней нехарошых словаў», – пажартаваў Арлоў.
Удзельнікі «Босага сонца», павіншаваўшы Змітра, заўважылі, што пра ягоны творчы шлях можна пісаць падручнік для музыкаў-пачаткоўцаў, на што Вайцюшкевіч адказаў жартам: «Абвяшчаецца конкурс: я гатовы прадаць правы на напісанне кнігі пра маю творчасць».
Хаця дзень нараджэння быў у Змітра Вайцюшкевіча, падарункі атрымаў не толькі ён сам, але і ўсе ўдзельнікі канцэрту. Музыка падарыў кожнаму выступоўцу дыск караоке «Спявай, васільковы край!» На дыску запісаная музыка 36 песняў Вайцюшкевіча.
Пры канцы канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч паспрабаваў сябе ў якасці настаўніка. Уся заля развучвала пад ягоным кіраўніцтвам словы песні «Бывайце здаровы, жывіце багата». Падаецца, урок прайшоў дастаткова паспяхова.
Фота аўтара.