Вядомы беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч выступіў з канцэртамі 7 сакавіка ў Рагачове і Бабруйску.
Канцэрт у Рагачове адбыўся ў мясцовым палацы культуры. Як адзначыў спявак, ён быў здзіўлены бачыць такіх заўзятых аматарак яго творчасці. “Нават у мяне няма такіх дыскаў, якія маюць гэтыя слухачкі,” – з усмешкай заўважыў ён.
У Бабруйску канцэрт адбыўся пры дапамозе мясцовага агенства рэгіянальнага развіцця “Свая Справа” і ладзіўся ў памяшканні прыватнага дома. Не зважаючы на малую колькасць рэкламы, у мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за 60 бабруйчан рознага ўзросту.
Гэта быў дэбютны выступ Змітра Вайцюшкевіча ў Бабруйску. Падчас канцэрту спявак праспяваў шмат песняў са свайго новага альбому “Тое, што трэба”. Таксама былі выкананыя песні, якія ўжо сталі хітамі, такія як “Я нарадзіўся тут” і інш. Упершыню прагучалі кампазіцыі “Дамініка” і “Будзьма каханымі”.
Пасля канцэрту кожны з гасцей мог узяць плакат з аўтографам спявака, а таксама набыць яго дыскі.
Сустрэчы ў Рагачове і Бабруйску ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Фота: Бабруйск: рэгіянальны партал.