21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў бібліятэцы імя Я.Коласа ў Наваполацку адбылася сустрэча з музыкам Зміцерам Вайцюшкевічам. Канцэрт арганізавалі сябры Наваполацкай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны».
Бібліятэчная зала ледзь змясціла ў сабе ўсіх аматараў творчасці Зміцера Вайцюшкевіча, які праспяваў песні на словы Г.Бураўкіна, Ул.Някляева, Р.Барадуліна, шведскіх і японскіх паэтаў. Паміж цудоўнымі спевамі музыка распавёў пра свае вандроўкі з канцэртамі па свеце, аднак сп.Зміцер зазначыў, што значна большае задавальненне яму прыносяць творчыя сустрэчы на сваёй Радзіме. Між іншым, апошні тур па ўсёй Віцебскай вобласці адбыўся дзякуючы ініцыятыве «Будзьма». Музыка пры гэтым не губляе надзею, што некалі адбудзецца і вялікі канцэртны тур па ўсёй Беларусі.
Падчас сустрэчы адбываўся конкурс на лепшае пытанне, прызы – дыскі Зміцера Вайцюшкевіча – былі прадстаўлены ТБМ. Слухачы даведаліся пра хуткае павелічэнне сямейства Вайцюшкевічаў, пра бараду – як сымбаль барацьбы з глямурам на музычных пляцоўках Беларусі. Шматлікія аматары спеваў сп.Зміцера набіваліся да яго ў госці на разрэкламаваны хутар. Музыка абяцаў усіх прыняць, асабліва ў час вясновых працаў на раллі.
Сустрэча са Зміцерам Вайцюшкевічам у свята роднай мовы стала доказам еўрапейскасці і папулярнасці беларускай культуры, прынесла шмат прыемных пачуццяў і ўсмешак усім прысутным.
Фота makasin.info. Больш фотаздмыкаў з творчай сустрэчы тут.