У гэты дзень быў прыняты першы крымінальны кодэкс ВКЛ, памерлі Мікалай Радзівіл Сіротка і Канстанцін Кернажыцкі…
1468: у Вялікім Княстве Літоўскім прымаецца першы крымінальны кодэкс, так званы Судзебнік, які яшчэ называюць Статутам Казіміра. Напісаны ён быў на старабеларускай мове і спарадкаваў усе віды злачынстваў і пакараньняў.
1616: Памёр Мікалай Радзівіл Сіротка, дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, вандроўнік.
Мікалай Крыштоф Радзівіл, па мянушцы «Сіротка» (2 жніўня 1549 – 28 лютага 1616) — дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага. Нарадзіўся ў Нясьвіжы, сын Радзівіла Мікалая Чорнага. Вучыўся ў пратэстанцкай гімназіі, заснаванай яго бацькам, потым у Страсбурскім і цюрынскім унівэрсытэтах (Нямеччына). Падарожнічаў па Аўстрыі, Францыі, Італіі.
Пад уплывам папскага нунцыя кардынала Камэдоні і езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі ў 1567 перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і быў прыняты ў рады мальтыйскіх рыцараў. У 1569 атрымаў пасаду надворнага літоўскага маршалка. У 1574 у час выбараў на сойме новага караля Рэчы Паспалітай Сіротка падтрымліваў кандыдатуру Генрыха Валуа і, калі той уцёк у Францыю, двойчы езьдзіў да яго з запрашэньнем вярнуцца і папярэдзіць, што калі ён ня вернецца, то будзе пазбаўлены кароны. У 1579 атрымаў пасаду маршалка вялікага літоўскага. Удзельнічаў у Лівонскай вайне ў складзе войска Стафана Баторыя. Пад Полацкам быў цяжка паранены.
У 1583–84 падарожнічаў па Блізкім Усходзе, вёў дзёньнік. Пасьля падарожжа распачаў шырокае будаўніцтва ў Нясьвіжы. Замест драўлянага бацькаўскага замка паставіў мураваны, пабудаваў у горадзе шэраг архітэктурных комплексаў: езуіцкі, бэнэдыктынскі і дамініканскі кляштары. Для праектаваньня і ўзьвядзеньня гэтых пабудоў запрасіў зь Італіі архітэктара Яна М.Бэрнардоні. У 1586 годзе Радзівіл заснаваў Нясьвіскую ардынацыю. Дамогся ад караля прывілея на наданьне Нясьвіжу маґдэбургскага права і герба.
У гэты ж час распачаў актыўную барацьбу супраць рэфармацыйнага руху. У сваіх уладаньнях замяняў пратэстанцкіх прапаведнікаў каталіцкімі сьвятарамі. У 1590 атрымаў пасаду троцкага ваяводы.
Да 1595 перапрацаваў свой дзёньнік падарожжаў і выдаў яго ў 1601, каб «пашырыць кругагляд землякоў». У прадмове ён падкрэсьліваў, што піша толькі пра тое, што бачыў сваімі вачыма, а не вычытаў у кнігах іншых падарожнікаў, хоць быў добра знаёмы зь літаратурай пра Блізкі Ўсход. У яго кнізе мноства спасылак на гэту літаратуру, але ён не капіяваў іншых, а сам аналізаваў прачытанае. Часта выказвае нязгоду з тымі ці іншымі аўтарамі. Апісваючы храмы, палацы, руіны, Сіротка найперш расказвае пра іх месцазнаходжаньне, вонкавы і ўнутраны выгляд, матэрыял, зь якога яны зроблены, часта параўноўвае ўбачаныя пабудовы зь італійскімі і францускімі. Неаднойчы ён абвяргае сцьвярджэньні зь Бібліі. Так, убачыўшы крыніцу, у якой нібыта апостал Піліп хрысьціў еўнуха царыцы Кандатэі, Радзівіл заўважае: «… крыніца зь цеснай скалы выходзіць і такая бедная, што абедзьвюх ног не было б чым паліць. Таму хутчэй трэба казаць, што сьвяты апостал галаву яму паліў і так яго хрысціў». Паэтычна апісвае Мёртвае мора: «Гэта мора… сярністае, мае і каменьні навокал сябе, якія, калі іх запаляць, гараць, як дрэва… Язэп Флавій праўдзіва гэта возера апісвае, а асабліва тое, што тройчы яно зьмяняецца ў дзень, гэта я добра бачыў, бо зранку вада была чарнаватай, да поўдня, калі сонца яго нагрэе (бо там моцная сьпёка), дык блакітнявее ўся вада накшталт блакітнага сукна, к падвячорку ж, перад захадам сонца, калі сонечная спёка спадзе, вада становіцца чырванаватай або рудой, быццам яе з глінай зьмяшалі». Нават пры наведваньні Ерусалімскага храма Труны Гасподняй Радзівіл зьвярнуў увагу ня столькі на старажытную архітэктуру, колькі на надмагільныя пліты гістарычных асоб — кіраўнікоў крыжакоў.
Яго цікавілі таксама прыродныя ўмовы, гаспадарка і земляробства тых мясьцін, дзе ён пабываў. Апісваючы Сірыю, Лібан, Эгіпет, ён шмат мейсца адводзіць іх гаспадарцы, дзівосным жывёлам, адзначае вялікае значэньне разьліваў Ніла для гаспадарчай дзейнасьці ў Эгіпце. Аглядаючы сфінкса і піраміды са старажытнымі пахаваньнямі, ён цікавіўся саставам, пры дапамозе якога робяцца муміі, і адзначаў: «Штосьці асаблівае гэта павінна быць, бо і зараз, праз тры тысячы гадоў і больш, як гісторыя піша, не дазволіла малейшай частцы згніць». Апісаў ён таксама народныя звычаі і сьвяты, адносіны паміж рознымі народамі. Часта нагадваў пра жорсткасьць туркаў у адносінах да жыхароў пакораных Турэччынай народаў, пра рознагалосьсі паміж туркамі і арабамі. Кніга Радзівіла карысталася вялікім попытам, вытрымала 19 перавыданьняў на польскай, нямецкай, лацінскай і расейскай мовах.
1942: Памёр Канстанцін Кернажыцкі, беларускі гісторык
, гісторык. У 1926 скончыў БДУ. З 1930 працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН, адначасова выкладаў у БДУ. Кандыдат гістарычных навук (1934), дацэнт. Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі XVIII — пачатку XX ст. Адзін з укладальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1. Мн., 1936). Арыштаваны 11.12.1937. 14.5.1939 асуджаны на 8 гадоў зняволення ў лагерах. Памёр у лагерным шпіталі. Рэабілітаваны 5.6.1958.
Тв.: Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. Мн., 1931; Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной. Мн., 1932; Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы XVIII і першай палове XIX ст.: (Да праблемы разлажэння феадалізму ў Беларусі). Мн., 1935.