Узлётная паласа першых спатканняў павінная вывесці вас на бясхмарны курс да шчаслівай сям’і, але вы штораз аказваецеся на запасным аэрадроме, дзе застаецца толькі разважаць на самоце: а дзе ж вы памыліліся? Магчыма, вы проста занадта спяшаліся.
Першы этап стасункаў умоўна называецца “кветкава-цукеркавым”, і правесці гэты этап трэба правільна. Мужчыны значна даўжэй прывыкаюць да стасункаў у параўнанні з жанчынамі і патрабуюць больш часу, каб звыкнуцца з патрэбай пусціць жанчыну ў сваё жыццё. (Я маю на ўвазе, што вашаму мужчыну больш за сямнаццаць гадоў, і якое-ніякое сваё жыццё ён ужо мае.) Хлопчыкі наогул развіваюцца пазней за дзяўчынак, і ў разумовым плане таксама. Згадайце школу: у чатырнаццаць гадоў дзяўчынкі ўжо абмяркоўваюць глабальныя пытанні будучай кар’еры – астрафізіка ці хатняй гаспадыні, – а хлопчыкі азартна гуляюць у гандбол мокрай анучай. (Большасць з іх ніколі не пасталее, рыхтуйцеся.)
Так і ў стасунках: дзяўчынкі часта бягуць наперадзе хлопчыкаў. Яна ўжо радуецца, што займела бойфрэнда, – а ён яшчэ не канчаткова вырашыў з ёй сустракацца; ён ледзьве прызвычаіўся больш-менш рэгулярна ёй званіць – а яна ўжо пачынае прызнавацца ў каханні; ён першы раз застаўся начаваць – а яна ўжо прапануе жыць разам; ён толькі пачаў казаць пра яе сябрам “мая дзяўчына” – а яна ўжо кажа маме “мой жаніх”.
Галоўная памылка пачатку стасункаў – занадта рана, занадта хутка, занадта паспешліва. Не прыспешвайце натуральную хаду падзеяў; не скарачайце паскорана эмацыйную дыстанцыю. Няхай мужчына вас упарта, паступова, крок за крокам заваёўвае. Мужчыны любяць недаступных жанчынаў – я не стамлюся гэта паўтараць нават пад пагрозай абвінавачання ў злоўжыванні плеаназмамі (гэта не наркатычнае рэчыва).
Але што рабіць, калі вы ўжо трымціце ад любові, вар’яцееце ад пяшчоты і марыце толькі, як бы зліцца ў танцы жарсці з гэтым тормазам, які не разумее, што вы створаныя адно для аднаго? Нам дапаможа акторскае майстэрства. Ненадоўга – прынамсі на час непрацяглага і непаўторнага “кветкава-цукеркавага перыяду” – стрымайце праявы свайго незямнога кахання і ўдайце, што вы ў стасунках зацікаўленыя кры-ы-ышачку меней, чым ён.
Лёгка сказаць, але складана зрабіць? Вось мануал.
1. Не прызначайце спатканняў самі. На спатканні вас запрашае мужчына. Счакайце, у хуткім часе спатканні ператворацца ў проста сустрэчы, а далей вы і самі не заўважыце, як патэлефануеце яму і папросіце купіць па дарозе з працы хлеба, малака і чаго-небудзь да гарбаты (бульбу, памперсы, пральны парашок і ежу для коціка). А пакуль няхай трывае рамантыка.
2. І крый божа вам запытацца: “А калі мы сустрэнемся наступным разам?”
3. Не пачынайце яго даставаць званкамі, смскамі і лістамі. Мужчыны наогул не схільныя – за рэдкімі выключэннямі, якія датычаць падлеткаў і паталагічных псіхапатаў – шматслоўна выказваць свае пачуцці. Пагатоў ягоныя пачуцці яшчэ не паспелі як след замацавацца.
Яшчэ раз дазволю сабе працытаваць жахлівую гісторыю, расказаную мне маім сябрам пра тую невінаватую дзяўчыну: “Яна вырашыла, што мы сустракаемся, і ПАЧАЛА ТЭЛЕФАНАВАЦЬ МНЕ ШТОВЕЧАР!” Бачыць бог, я й не ведала, што званкі – такое страшнае злачынства!
Калі дзень блізіцца да заканчэння, а каханы так ні разу не пазваніў, не спяшайцеся ладзіць істэрыку. Дакладней, істэрыкі ніхто не забараняе – проста пазваніце сяброўцы і шчыруйце напоўніцу. А калі гэты нягоднік, кат, хлус і здраднік нарэшце аб’явіцца, не спяшайцеся здымаць слухаўку. Дзевачкі, гэта вельмі подла – але вельмі дзейсна. Затое вы пачуеце: “Ну дзе ж ты ходзіш? Я табе званю-званю!” І мужчыну зусім не абавязкова ведаць, што ходзіце вы вакол тэлефона і нават паспелі схуднець, бо наматалі пару дзясяткаў кіламетраў.
4. Не прызнавайцеся ў каханні першай і не выцягвайце з яго “тры галоўныя словы”. Прызнанне ў каханні – для мужчыны цяжкі ўчынак, у параўнанні з якім узыходжанне на Эверэст – забаўляльная прагулка. Магчыма, вы яшчэ не хутка гэта пачуеце, але не спяшайцеся. Найлепшыя мары абавязкова здзейсняцца.
5. Як быць з кавай?
Прымайце кветкі і цукеркі, хадзіце ў кіно і гуляйце за ручку – рамантыка гэтага часу ніколі не паўторыцца, дык няхай яна пратрывае даўжэй. А што да запрашэнняў на каву, то кава – гэта напой, а не эўфемізм. Частуйце яго і выстаўляйце за дзверы. Праверана: часцей за ўсё мужчыны разумеюць, што яны закаханыя ў вас па самыя вушы, менавіта ў час самотных начных вяртанняў у халасцяцкія кватэры.
А калі ён фарсіруе стасункі, супраціўляйцеся. Божа, каго я спрабую ўвесці ў зман. Любая дзяўчынка ведае, што “фарсіраваць стасункі” гэта азначае “зацягваць у ложак”. Дык што ж цяпер, зусім не? Паспрабуйце да наступнага тыдня прыбраць дзяцей ад манітораў, і мы абмяркуем.
А за кветкамі і цукеркамі незаўважна праміне цэлы месяц – той самы складаны месяц, у які ў некаторых дзяўчат укладаецца ўвесь раман, з першым спатканнем, першым прызнаннем, першай кавай, істэрыкай, сваркай і незразумелым, абсурдным, крыўдным заканчэннем. Не трэба спяшацца.
Югася Каляда