Па ініцыятыве Міністэрства культуры праводзіцца рэспубліканская акцыя «Захаваем Навагрудскі замак разам».
Мэта акцыі – прыцягнуць увагу грамадскасці да захавання Навагрудскага замка, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XIII-XVI стагоддзяў, а таксама арганізаваць добраахвотны збор сродкаў на рэстаўрацыйныя работы, якія пройдуць у некалькі этапаў.
У 2010 годзе распачаты работы па распрацоўцы навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ па кансервацыі і прыстасаванню Навагрудскага замка. У далейшым плануецца расчыстка ад пазнейшых напластаванняў падмуркаў абарончых муроў замка, прыстасаванне яго часткі для размяшчэння музейнай экспазіцыі, кансервацыя ацалелых рэшткаў вежаў Шчытоўкі і Касцельнай.
Усе сродкі, атрыманыя ад рэалiзацыi рэспублiканскай тыражнай латарэi «Скарбнiца», заснавальнiкам якой выступае Мiнiстэрства культуры, таксама накіраваны на рэстаўрацыю замка.
У мэтах прыцягнення дабрачынных ахвяраванняў ААТ “Белрэстаўрацыя” вырабіла скрыні, якія плануецца размясціць ва ўстановах культуры Мінска – у Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным музеі гісторыі Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы, Нацыянальным тэатры оперы і балета, кінатэатры “Беларусь”, Навагрудку, Гродна і ў замкавым комплексе “Мір”.
Вядомыя дзеячы культуры Беларусі, народныя артысты Анатоль Ярмоленка, Міхаіл Фінберг, дзяржаўны ансамбль «Песняры» таксама падтрымалі прапанову правесці дабрачынныя канцэрты, даход ад якіх пералічаць у фонд захавання Навагрудскага замка.
Кожны білет набыты гледачом будзе з’яўляцца рэальным укладам у захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці. У рамках акцыі ў Навагрудку 7 чэрвеня ўжо адбыўся канцэрт дзяржаўнага ансамбля «Песняры».
15 чэрвеня у Навагрудку падчас правядзення сумеснай калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму быў пачаты добраахвотны збор сродкаў на рэстаўрацыю Навагрудскага замка.
Запрашаем кожнага, каму неабыякавы лёс Навагрудскага замка прыняць удзел у акцыі «Захаваем Навагрудскі замак разам». (Банкаўскі рахунак № 3642521000622 Беларусбанка, ЦБУ № 416 філіяла № 413 г. Ліды).
Арганізатарамі рэспубліканскай акцыі з’яўляюцца Міністэрства культуры, Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт і Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт, пры інфармацыйнай падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі.