15.03.2017 | Беларуская мова У краіне

Аліна Талай правяла незвычайныя ўрокі «Чытаем па-беларуску з velcom» у родным горадзе

Вядомая беларуская лёгкаатлетка, пераможца і прызёр чэмпіянатаў Cвету і Еўропы Аліна Талай 15 сакавіка правяла ў родным горадзе Орша ўрокі беларускай мовы «Чытаем па-беларуску з velcom». Разам са спартсменкай настаўнікамі для аршанскіх школьнікаў сталі вядучы «Падарожжаў дылетанта» Юры Жыгамонт і дзіцячая пісьменніца Алена Масла.

IMG_4174

У праграме прынялі ўдзел 5 аршанскiх устаноў адукацыі, у тым ліку родная школа вядомай беларускай спартсменкі. Аліна Талай правяла інтэрактыўныя заняткі на беларускай мове на веданне спартыўных тэрмінаў, правяла гульню «Перакладчык» i паказала вiдэа сваiх спаборнiцтваў. Лёгкаатлетка таксама распавяла малодшым школьнікам пра тое, чаму важна размаўляць на беларускай мове і паважаць родную культуру.

«Прыязджаць з адукацыйнай ініцыятывай «Чытаем па-беларуску з velcom»  у родны горад – гэта, вядома, асаблiвыя пачуццi, таму што адчуваеш блізкую атмасферу. Сёння я была прыемна здзіўлена і тым, як добра школьнікі ведалі беларускую мову. Таму ўражанні ад сённяшніх урокаў толькі самыя прыемныя», – адзначыла вядомая беларуская спартсменка Аліна Талай.

IMG_4199

Галоўная мэта праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – развіць цікавасць у вучняў 2-3 классаў да беларускай мовы, літаратуры і культуры па ўсей Беларусі. Урокі праекта праходзяць у інтэрактыўнай займальнай форме з удзелам незвычайных настаўнікаў. Ініцыятарам праекта з’яўляецца кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У пастаянны склад настаўнікаў праекта ўваходзяць: паэтка і пісьменніца Раіса Баравікова, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі, казачніца Алена Масла, дзіцячая пісьменніца Наталля Бучынская і тэлевядучы Юры Жыгамонт. Акрамя гэтага, незвычайнымі настаўнікамі беларускай мовы становяцца іншыя вядомыя беларусы, дзеячы культуры і спорту.

IMG_4218

У сакавіку і красавіку ініцыятыва ахопіць 25 школ у 6 гарадах Віцебшчыны. Да цяперашняга моманту ў занятках праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» прынялі ўдзел больш  за 17 000 школьнікаў з 140 устаноў адукацыі краіны.

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика