17 снежня ў Віцебску прайшлі дзве прэзентацыі доўгачаканага першага нумара літаратурнага альманаха «Ратуша» Віцебскага абласнога аддзялення СБП.
З яго з’яўленнем усе пяць абласных філій грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” упершыню ў гісторыі адначасова займелі свае штогадовыя выданні.
Першая сустрэча прайшла ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава, дзе студэнтам прадставілі сваю творчасць сябры філіі ГА “СБП” Ірына Грумандзь, Анастасія Лазебная, Міхась Мірановіч, Уладзімір Папковіч і іншыя літаратары Віцебшчыны, чые творы апублікаваныя на старонках выдання.
Злева направа: Алесь Камоцкі, Алесь Пашкевіч, Анастасія Лазебная, Барыс Пятровіч
Перад аўдыторыяй таксама выступіў Старшыня СБП Барыс Пятровіч, які распавёў пра Школу маладога пісьменніка, што трэці год працуе пры СБП, і заахвоціў пачаткоўцаў смялей спрабаваць свае сілы ў літаратуры і ўдзельнічаць у конкурсах.
Актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Злева направа: Алесь Камоцкі, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Анастасія Лазебная
Другая сустрэча прайшла ў славутай гарадской ратушы (Віцебскім абласным краязнаўчым музеі) і сабрала ў залі вялікую колькасць цікаўнай публікі, а таксама мясцовых аўтараў ды мінскіх гасцей.
Выступае Алесь Пашкевіч
Імпрэзу адкрыў прывітальным словам Пётр Падгурскі — начальнік аддзела культуры Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
Да прысутных звярнуліся Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч і першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч, павіншаваўшы грамаду з новым здабыткам на ніве літаратуры і культуры Віцебскага краю.
Чыталі свае творы Арцём Арашонак, Міхась Мірановіч, Людміла Сіманёнак.
Выступае Франц Сіўко
Адметным сваім пазітывам і шчырай непасрэднасцю сталася выступленне вядомага віцебскага празаіка Франца Сіўко, які распавёў пра гісторыю выдання папярэдніх альманахаў, рэдактарскую працу над якімі ён вёў. Напрыканцы выступу сп. Сіўко пажадаў плёну і поспехаў новай старшыні філіі і ўкладальніку штогадовіка Анастасіі Лазебнай.
Прыемным прэзентам сталася выступленне барда Алеся Камоцкага, што адбылося ў фінале імпрэзы.
Вечарына завяршылася аўтограф-сесіяй тых аўтараў, якія апублікаваліся на старонках першага нумара “Ратушы”.
Аўтар фота: Алена Мартынава