5 сакавіка ў галерэі Бабруйскага мастацкага музея адкрылася незвычайная выстава пад назвай «Арт-Лэдзі».
Яе ідэя простая – прыцягнуць увагу да мастацкай творчасці жанчын. Здавалася б, чаго прасцей? .. Але ж не, аказваецца падобная выстава ўпершыню рэалізавана ў Бабруйску толькі цяпер – напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 2015 года. Безумоўна, творы жанчын-мастачак пастаянна выстаўляліся і ў штогадовых гарадскіх выставах, і на шматлікіх персанальных. А вось так адасоблена – па гендэрным прынцыпе – першы раз.
Свае разнажанравыя, выкананыя ў розных тэхніках працы для прэм’ернай экспазіцыі прадставілі 15 жанчын рознага ўзросту. Сярод іх – як масцітыя прафесіяналы, так і творчая моладзь.
На адкрыцці выставы яе арганізатар і ўдзельнік Ала Мальцава пад апладысменты прысутных асобна прадставіла кожную з «арт-лэдзі». А мастацтвазнаўца і мастак Таццяна Карчажкіна назвала гэтую падзею «жаночай перамогай». У канву прэзентацыі былі ўдала ўплецены музычныя віншаванні да свята ад ансамбля «Бурлеск” (кіраўнік – Ірына Чубарава) музычнай школы № 1 імя Цікоцкага.
Пад экспазіцыю адведзены першая зала мастацкай галерэі. Выстава будзе доўжыцца да канца сакавіка.
Аляксандр Багдановіч, фота Віктара Масаловіча, babruysk.by